Беларуская Служба

Бежанцам з Украіны лягчэй адаптавацца да рынку працы ў Польшчы, чым у Германіі

20.09.2022 10:01
У Польшчы працу знайшлі дзве траціны працаздольных бежанцаў, якія атрымалі тут часовы прытулак.
Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Бежанцы з Украіны гатовыя працаваць як у Польшчы, так і ў Германіі, але ім лягчэй адаптавацца да рынку працы ў Польшчы, пра гэта сведчаць вынікі даследаванняў прафесійнай актывізацыі ваенных уцекачоў з Украіны. Даследаванне правялі Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта і Фонд падтрымкі мігрантаў на рынку працы «EWL».

Пасля 24 лютага працу ў Польшчы знайшлі 430 тысяч украінцаў, то бок дзве траціны працаздольных бежанцаў, якія атрымалі тут часовы прытулак.

Дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Ян Маліцкі(Jan Malicki) кажа, што часцей мігруюць людзі, якія не ведаюць або кепска ведаюць польскую мову. У сваю чаргу сярод уцекачоў вельмі высокі адсотак адукаваных людзей, якія ведаюць ангельскую мову:

- Варта падкрэсліць, што мігранты вельмі заангажаваныя – яны вывучаюць мову, як польскую, так і нямецкую. Яны таксама прафесійна актыўныя. Бачна, што яны стараюцца.

Прафесар Марыюш Кавальскі(Mariusz Kowalski) з Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў лічыць, што найбольшм выклікам з’яўляецца інтэграцыя ўцекачоў:

- Гаворка ідзе не толькі пра дарослых, якія даволі эфектыўна шукаюць працаўладкавання, але таксама пра інтэграцыю іхных дзяцей. Ім трэба гарантаваць апеку, прыстасаваць польскую сістэму адукацыі. Тыя ж выклікі тычацца таксама Германіі.

Міхаліна Сялевіч(Michalina Sielewicz) з EWL сказала, польскі рынак працы паглынальны, бо на ім амаль 160 тысяч вакансій. Ён таксама адаптаваны да патрэб працаўніка з Украіны:

- Польскія кампаніі, польскія працадаўцы зрабілі сапраўды шмат, каб палегчыць адаптацыю ўкраінскіх працаўнікоў да польскага рынку працы.

Паводле даследавання, польскія працадаўцы таксама часцей за нямецкіх дапамагалі супрацоўнікам з Украіны знайсці жыллё. У апытанні ўдзельнічалі занятыя бежанцы з Украіны, сярод якіх – як у Польшчы, так і ў Германіі – каля 95 працэнтаў – гэта жанчыны. У Польшчы большасць з іх маюць дзяцей, у Германію выязджалі пераважна бяздзетныя бежанцы (45 працэнтаў) або бежанцы з адным дзіцем (44 працэнты).

У Польшчы 46 працэнтаў апытаных бежанцаў маюць вышэйшую адукацыю, у Германіі – 60 працэнтаў. У абедзвюх краінах большасць (90 працэнтаў) працуе ніжэй за свае кваліфікацыі. 33 працэнты апытаных уцекачоў у Польшчы і 53 працэнты ў Германіі заяўляюць, што ведаюць ангельскую мову.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

40 працэнтаў палякаў восенню не плануюць буйных выдаткаў

20.09.2022 08:45
Палякі адмаўляюцца ад большых выдаткаў з-за інфляцыі і звязанай з ёй нявызначанасці, кажуць эксперты.