Беларуская Служба

Веды і новыя кантакты, атрыманыя беларускімі бізнесоўцамі на польскім рынку, будуць бясцэннымі для беларускай эканомікі

21.09.2022 15:37
Польская дзяржава спрыяе развіццю і дзейнасці беларускіх кампаній на сваім рынку.
Аўдыё
  • Беларускі бізнес-цэнтр у Варшаве
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/mohamed_hassan

За апошнія два гады тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, а нават цэлых кампаній, перанеслі свой бізнес з Беларусі за мяжу. Калі ў 2021 годзе беларускія бізнесоўцы ахвотней за ўсё ладзілі рэлакацыю ва Украіну, то з пачаткам вайны гэтая плынь перанакіравалася больш на захад – перш за ўсё ў Польшчу, якая стварыла добрыя ўмовы для беларускага бізнесу.

Польская дзяржава спрыяе развіццю і дзейнасці беларускіх кампаній на сваім рынку. Напрыклад, Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў стварыў спецыяльны Беларускі бізнес-цэнтр, які павінен аказваць бясплатную комплексную арганізацыйную, юрыдычную і кансультацыйную дапамогу беларускім кампаніям, якія жадаюць пераехаць у Польшчу.

У Беларусі бізнес-дзейнасць звязана з вялікай рызыкай. Нават калі чалавек стараецца быць апалітычным, па ім ды яго кампаніі рыкашэтам могуць ударыць рэпрэсіі рэжыму, якія шырокай плынню накрылі беларускую дзяржаву. І таму многія беларускія бізнесоўцы і акцыянеры стартапаў вырашылі адкрываць справу за мяжой і пераводзіць туды супрацоўнікаў.

Эксперт Беларускага бізнес-цэнтру Дзмітрый Данільчук адзначае, што асноўныя мэты цэнтру – падрыхтоўка беларускіх кампаній да рэлакацыі ў Польшчу і падтрымка тут, на месцы.

- У нас ёсць бясплатны каворкінг (анг. сoworking – магчымасць сумеснай працы ў арандаваным памяшканні – рэд.) у цэнтры Варшавы на вул. Новы Свят, дзе можна працаваць. Першая праблема, з якой сутыкаюцца людзі, якія перавозяць сваю кампанію, гэта адсутнасць месца для працы, паколькі яны на пачатку не могуць сабе дазволіць арандаваць офіс. Такая падтрымка на некалькі месцаў у выглядзе часовага офісу вельмі важная для беларускіх прадпрымальнікаў, нават цэлыя фірмы хацелі б да нас прыехаць, але колькасць месца абмежавана. Мы таксама стараемся падключаць менеджараў, каб гэта было месца спатканняў беларускага бізнесу ў Польшчы.

У Польшчы створаны спрыяльныя ўмовы для працы беларускіх бізнесоўцаў, дзяржава прапануе канкурэнтны ўзровень падаткаабкладання, коштаў працоўнай сілы, гатовую інфраструктуру, а таксама прадказальнае бізнес-асяроддзе і заканадаўства. Акрамя таго, дадатковай перавагай Польшчы над іншымі краінамі, асабліва заходняй Еўропы, з'яўляецца вялікая беларуская супольнасць. Дзякуючы гэтаму беларусы могуць знаёміцца са сваімі суайчыннікамі, якія даўжэй жывуць у краіне і пераймаць іх вопыт, паколькі не заўсёды ўсе ідзе гладка – кажа наш суразмоўца.

- Праз якія цяжкасці яны праходзяць на польскім рынку – гэта вельмі важна, паколькі ўсе нашы прадпрымальнікі пачынаюць працэдуру рэгістрацыі з нуля, яны пераважна не ведаюць мовы. Цяпер у Польшчы звыш 4300 прадпрыемстваў з беларускім капіталам і гэтая лічба будзе толькі павялічвацца. Паводле нашых ацэнак, гэтая лічба вырасце да 5 тыс. да канца гэтага года і да 6 тыс. да канца будучага года.

Беларускі бізнес-цэнтр Звязу польскіх прадпрымальнікаў дапамагае беларускім кампаніям па пытаннях, звязаных з падаткамі, юрыдычнымі аспектамі, арэндай офісаў, рынкам працы, бо ўмовы дзейнасці ў Беларусі і Польшчы істотна адрозніваюцца, – падкрэслівае Дзмітрый Данільчук.

- Розніца ў тым перш за ўсё, што польскі рынак у 10 разоў большы за беларускі, а таксама з цэлым доступам да еўрапейскага рынку, што значна павялічвае яго маштабы. Канкураваць прыходзіцца не ў лакальных маштабах, да чаго прывыклі нашы прадпрымальнікі. Таму ўжо з самага пачатку неабходна паказваць вельмі высокія стандарты працы. Мы прадастаўляем бясплатныя юрыдычныя кансультацыі беларускаму бізнесу і вялікую колькасць адукацыйных мерапрыемстваў, асабліва па тых галінах, у якіх беларускі бізнес найбольш шырока прадстаўлены: рытэйл, ІТ і лагістыка.

Рэлакацыя кампаніі і супрацоўнікаў можа быць звязана з рознымі цяжкасцямі, асабліва калі гэта рэальны сектар эканомікі.

- Зразумела, перанесці ІТ-кампанію – не тое ж самае, што перанесці завод. Мы кантактуем з прадпрымальнікамі з рэальнага сектару эканомікі, якія мелі свае невялікія вытворчыя прадпрыемствы і якія вельмі хочуць іх перавезці, але вельмі складана перавезці станкі і людзей, якія не ведаюць мовы. Таму што ІТ-спецыялісты ўсе размаўляюць на англійскай, а супрацоўнікі з рэальнага сектара эканомікі на замежных мовах не размаўляюць. Застаецца таксама праблема атрымання ліцэнзій і праца з польскім юрыдычным полем.

Польская эканоміка, без сумнення, выйграе ад атрымання тысяч новых актыўных на рынку людзей – гатовых, падрыхтаваных спецыялістаў. Аднак, з другога боку, ад рэлакацыі бізнесу страты паносіць беларуская эканоміка, але ў доўгатэрміновай перспектыве яна можа атрымаць розныя бонусы, – мяркуе наш суразмоўца.

- Не ўсе прадпрыемствы пераязджаюць цалкам, некаторыя толькі адкрываюць офісы і працуюць на новых рынках, таму для іх гэта пазітыўны набытак. А тыя кампаніі, якія пераехалі цалкам, канешне, страцілі ў кароткатэрміновай перспектыве, але ў доўгатэрміновай перспектыве тыя веды, уменні, кантакты, новыя магчымасці, атрыманыя на польскім рынку, будуць бясцэнныя для беларускай эканомікі. Усе гэтыя прадпрымальнікі звязаны з домам і ў пэўны момант гэтыя інвестыцыі яны скіруюць дадому.

слухайце аўдыё

нг