У 2026 годзе зафіксавалі рэкордную колькасць спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі ў Еўрасаюз — 136 выпадкаў. Гэта адбылося 16 красавіка, паводле аператыўных звестак памежных службаў суседніх краін ЕС, прааналізаваных «Позіркам».
Пра 103 спробы паведаміла Латвія, пра 32 — Літва, пра адну — Польшча.
Папярэдні рэкорд быў 14 красавіка — 125 спробаў (у Латвію — 108, у Літву — 17). Да гэтага — 9 красавіка — 122 (у Латвію — 108, у Літву — 14).
Апошні раз больш спробаў мігрантаў з трэціх краін трапіць у ЕС праз Беларусь фіксавалася 11 снежня мінулага года — 192 (у Польшчу — 186, Латвію — 5, Літву — 1).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЕС «душыць» Мінск санкцыямі.
вс