Ужо каля 533 тысяч украінскіх дзяцей-бежанцаў атрымліваюць у Польшчы сацыяльную дапамогу – гэтак званае «500+». Паводле апошніх звестак Упраўлення сацыяльнага страхавання, да гэтай пары бежанцы атрымалі больш за 1 мільярд 172 мільёны злотых. Урад ушчыльняе правілы, каб прадухіліць спробы вымантачвання дапамогі. Да гэтай пары ўпраўленне прыпыніла выплаты ў 126 тысячах выпадкаў, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».
Украінцы павінны памятаць, што яны губляюць права на дапамогу, калі, напрыклад, пакідаюць Польшчу на тэрмін большы за месяц. Тады яны таксама губляюць права легальна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Бежанцы абавязаны паведаміць Упраўленню сацыяльнага страхавання аб выездзе з Польшчы, якое прыпыняе выплаты. Аднак не ўсе бежанцы выконваюць гэты абавязак. Каб прадухіліць вымантачванне сродкаў, упраўленне само правярае, ці ўцекачы, якія атрымліваюць грошы на дзяцей, фактычна застаюцца ў Польшчы. Гэта адбываецца на падставе інфармацыі Памежнай службы.
Аднак некаторыя ўцекачы скардзяцца, што іх несправядліва пазбавілі дапамогі на дзяцей. Паводле Малгажаты Язвіньскай з Асацыяцыі прававой інтэрвенцыі, бывае, што бежанец едзе ва Украіну на некалькі дзён, каб, напрыклад, вырашыць сямейныя або прафесійныя справы, на што ён мае права. Тым часам памежнікі фіксуюць у сістэме яго выезд з Польшчы, але не вяртанне. У выніку, пасля 30 дзён, ён страчвае персанальны нумар PESEL, губляе права на легальнае знаходжанне ў Польшчы, а значыць і ўсе правы, якія вынікаюць з гэтага статусу, у тым ліку права на «500+». Часта ўкраінцы даведваюцца пра тое, што яны страцілі права на легальнае знаходжанне ў Польшчы, толькі калі, напрыклад, не атрымаюць выплаты з Упраўлення сацыяльнага страхавання, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».
аз