Беларуская Служба

Падчас пакупак палякі бяруць пад увагу амаль выключна цану

16.01.2023 11:01
Іншыя фактары, напрыклад, краіна паходжання, склад ці марка – сістэматычна губляюць значэнне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі цяпер глядзяць толькі на кошт. Значэнне іншых крытэрыяў пакупак зніжаецца. Апрача таго, больш за 80 працэнтаў рэгулярна чытае рэкламныя газеткі, каб знайсці прывабныя прапановы і запланаваць пакупкі, паведамляе «Rzeczpospolita».

Паводле выдання, рашучы рост цэнаў выклікаў выразныя змены ў паводзінах палякаў. Паколькі заробкі не растуць такімі тэмпамі, большасць палякаў вымушаная ашчаджаць, што адлюстроўваецца ў нашмат больш уважлівых і асцярожных пакупках.

Даследаванне SW Research, праведзенае для Blix Group, паказвае, што ўжо больш за 84 працэнты спажыўцоў не радзей за адзін раз на тыдзень праглядае рэкламныя ўлёткі гандлёвых сетак. Амаль кожны другі робіць гэта два-тры разы на тыдзень, а 14 працэнтаў – нават кожны дзень.
«У гэтым годзе ў сувязі з высокай інфляцыяй узрасце значэнне інфармацыйных бюлетэняў як інструмента аптымізацыі выдаткаў. Такі трэнд таксама фіксаваўся ў канцы 2022 года», – падкрэслівае Кшыштаф Лучак з Blix Group.

Газета звяртае ўвагу на тое, што спажыўцам трэба эканоміць, але яны імкнуцца рабіць гэта так, каб мінімізаваць патэнцыйны ўплыў на лад і якасць жыцця. Таму яны шукаюць заменнікаў, палююць на прывабныя прапановы.

«Rzeczpospolita» нагадвае, што ўжо снежаньскае апытанне GfK паказала, што ў выпадку 43 працэнтаў рэспандэнтаў галоўным крытэрыем выбару падчас пакупак з'яўляецца цана. Іншыя фактары, напрыклад, краіна паходжання, склад ці марка – сістэматычна губляюць значэнне, і няма падстаў чакаць, што згаданая тэндэнцыя хутка зменіцца.

аз

Урадавы аналітычны цэнтр: Сёлета інфляцыя пачне зніжацца

03.01.2023 08:03
Прафесар Норберт Малішэўскі дадаў, што ў лютым інфляцыя яшчэ застанецца на даволі высокім узроўні.