Беларуская Служба

Ціханоўская ў Доме польскім у Давосе: Будзем будаваць эканоміку заўтрашняга дня

20.01.2023 15:38
Мы не баімся эканамічных выклікаў, з якімі сутыкнецца новая Беларусь – заявіла ў чацвер Святлана Ціханоўская, лідар беларускай апазіцыі, падчас сустрэчы, арганізаванай Домам польскім у Давосе.
Dom Polski w Davos
Dom Polski w DavosФота: PAP / Radek Pietruszka

Сустрэча была прысвечаная стану беларускага бізнесу і перспектывам краіны.

У сваім выступе Ціханоўская прадставіла кароткі план будучых эканамічных рэформаў у Беларусі, які прадугледжвае пасля адмены санкцый глыбокую лібералізацыю эканомікі і знешняга гандлю, прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, а таксама інстытуцыянальныя рэформы, уключаючы рэформу судовай сістэмы, адукацыі і дзяржаўнага кіравання.

«Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай еўрапейскай эканомікі. Калі ў маёй краіне адбудуцца дэмакратычныя перамены, нашымі асноўнымі гандлёвымі і інвестыцыйнымі партнёрамі будуць краіны еўрапейскай эканамічнай прасторы», – сказала Ціханоўская.

«Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня, у якой і беларускім, і замежным інвестарам будзе нашмат прасцей ствараць і весці бізнес. Безумоўна, мы будзем улічваць лепшыя прыклады эканамічных рэформаў: Польшчу, Эстонію, Ізраіль, Сінгапур і іншыя краіны», – дадала яна.

Ціханоўская таксама распавяла пра пакеты фінансавай падтрымкі Захаду, а таксама аб падтрымцы беларускіх прадпрымальнікаў, якія «не прывыклі звяртацца па дапамогу».

«Яны развівалі свой бізнес у неспрыяльных умовах. Яны ніколі не чакалі падтрымкі, але заўсёды баяліся перашкод з боку ўладаў. Мы можам змяніць гэта для іх тут, у выгнанні, калі створым сістэму падтрымкі як з боку мясцовых уладаў, так і праз спецыяльныя праграмы», – сказала Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што трыма найбольш важнымі праблемамі цяпер з'яўляюцца рост патрэбы ў візах для пераезду працадаўцаў, работнікаў і семʼяў, неадпаведнасці ў кіраванні банкаўскімі рахункамі і дрэнны доступ да фінансаў і інвестыцый з-за адсутнасці крэдытнай гісторыі.

Ціханоўская адзначыла, што гэта першае беларускае мерапрыемства на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, за арганізацыю якога яна вельмі ўдзячная.

gazetaprawna.pl / вх