Беларуская Служба

Толькі 9% кампаній з краін ЕС і «Вялікай сямёркі» вывелі свой бізнес з Расіі

24.01.2023 15:11
Дынаміка зменаў практычна раўняецца нулю, гэта значыць, што ніхто ўжо з Расіі не выходзіць.
Ілюстрацыйны здымакфота: shopandmall.ru

Калі пачалася вайна ва Украіне, многія заходнія кампаніі пачалі выводзіць свой бізнес з Расіі. Але дагэтуль перасталі працаваць на расійскім рынку толькі 9% фірмаў – піша Gazeta Wyborcza. Паводле падлікаў, праведзеных прафесарам універсітэту ў швейцарскім Санкт-Галене Нікола Пісані (Niccolò Pisani), перад вайной у Расіі дзейнічала 2405 кампаній з Еўрапейскага Саюзу або краін «Вялікай сямёркі». Да канца лістапада мінулага года з гэтага спісу толькі 9% фірмаў адмовілася ад расійскага рынку. Акрамя таго, дынаміка зменаў практычна раўняецца нулю, гэта значыць, што ніхто ўжо з Расіі не выходзіць.

Дадзеныя справаздачы сведчаць аб тым, што з расійскага рынку не было масавага выхаду, а калі нехта адмаўляўся ад дзейнасці ў дадзенай краіне, то гэта пераважна тыя кампаніі, у якіх і так бізнес складваўся не надта добра. Гэта азначае, што «НЕ» Пуціну сказалі менш рэнтабельныя фірмы, у тым ліку тыя, якім патрэбныя былі танныя працоўныя рукі – гэтыя 9% прадпрыемстваў, якія выйшлі з Расіі, працаўладкоўвалі 15% усіх супрацоўнікаў, якія працавалі ў замежных кампаніях (з ЕС і G7).

А хто паступіў прынцыпова і адмовіўся ад расійскага рынку? Гэта перш за ўсё амерыканскія кампаніі – 18% прадпрыемстваў з ЗША сказалі «НЕ» Пуціну, а таксама 15% фірмаў з Японіі, але толькі 8,3% – гэта кампаніі з краін ЕС. У дакладзе Пісані гаворыцца, што сярод кампаній, якія надалей вядуць бізнес у Расіі, найбольш фірмаў з Германіі – звыш 15%.

нг