Якія зарплаты ў Польшчы? Задае пытанне выданне Dziennik Gazeta Prawna і публікуе артыкул пра тое, колькі людзі зарабляюць у Польшчы. З 1 студзеня ў краіне вырасла мінімальная заработная плата: цяпер яна складае 3 тыс. 490 злотых без выліку падаткаў і ўзносаў (1 еўра каштуе 4 злотыя 72 грошы паводле курсу НБП ад 26 студзеня 2023 года – рэд).
І так, паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы ў лістападзе 2022 года сярэдняя зарплата ў Польшчы ў вытворчым сектары складала 6 тыс. 857 злотых без выліку падаткаў. Тут варта нагадаць, што падаткі і ўзносы ў пенсійны фонд, фонд сацыяльнага страхавання і медыцынскі фонд у Польшчы складаюць крыху больш за 30%. Такім чынам, каб атрымаць суму, якую чалавек мае «на рукі», трэба ад зарплаты «бруднымі» адняць 30%.
Мінімальная зарплата настаўніка ў Польшчы складае 3 тыс. 537 злотых без выліку падаткаў. Аднак рэальна яго заробак на 50% альбо нават у два разы большы дзякуючы рознага роду надбаўкам. З Закону аб адукацыі таксама вынікае, што мінімальны заробак прафесара не павінен складаць менш чым 6 тыс. 410 злотых. Канешне, на практыцы заробкі выкладчыкаў ВНУ нашмат большыя. А вось заробкі рэктараў, як вынікае са статыстычных дадзеных, вагаюцца ад 12 тыс. да 40 тыс. злотых, у залежнасці ад ВНУ.
Калі гаварыць пра службу аховы здароўя, то ў пераважнай большасці ў Польшчы яна базуецца не на штатных супрацоўніках. Лекары і іншыя медыцынскі персанал – гэта ІП, якія аказваюць паслугі ўстановам аховы здароўя. Такая форма працаўладкавання аплочваецца і працаўнікам, і арганізацыям. Дык вось, сярэдняя стаўка за гадзіну працы лекары ў Свентакшыскім ваяводстве скаладае 125 злотых, у Ніжнесілезскім – 209 злотых. У сярэднім па краіне атрымліваецца, што лекар у Польшчы зарабляе 185 злотых у гадзіну. Ад атрыманай сумы ІП-медыку неабходна заплаціць падатак ды ўзносы ва ўсе фонды - гэта некалькі тысяч злотых.
Аклад начальніка польскай паліцы – 17 тыс. злотых «на рукі». Участковы зарабляе 4 тыс. 900, а аператыўнік – 5 тыс. 300 злотых «на рукі». Сярэдні чысты аклад польскага памежніка без надбавак – 6 тыс. 300 злотых без выліку падаткаў, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.
вс