Беларуская Служба

У ЗША, Новай Зеландыі, Японіі, але таксама ў Польшчы пачаўся дэфіцыт яек

28.01.2023 18:36
Адпаведна, растуць таксама цэны іншых вырабаў, у склад якіх уваходзяць яйкі.
Ілюстрацыйны здымакфота: Klahan/Shutterstock

Gazeta Wyborcza паведамляе, што ў свеце назіраецца недахоп яек. Дэфіцыт гэтага базавага прадукту пачаўся ў ЗША, Новай Зеландыі, Японіі, але таксама ў Польшчы. Скажам, у Злучаных Штатах сярэдняя цана за адзін тузін яек цяпер складае 4 долары 77 цэнтаў у гуртавым продажы, а рознічная цана – нават 8 долараў. Амерыканцы параўноўваюць яйкі з крыптавалютай, а рэспубліканцы хваляцца сваім багаццем, паказваючы, як яны смажаць яешню. Такім чынам яны жартуюць над уладай Джо Байдэна.

Цана на курыныя яйкі расце таксама ў Еўропе. Напрыклад, у Польшчы спажыўцы плацяць за гэты прадукт на амаль 28% больш, чым год таму. Адпаведна, растуць таксама цэны іншых вырабаў, у склад якіх уваходзяць яйкі. Дынаміка росту цэн дасягнула рэкордных паказчыкаў. Акрамя таго, што яйкі дарагія, іх неўзабаве можа быць значна менш. Прычына – распаўсюд птушынага грыпу. Напрыклад, у Японіі па прычыне дадзенай хваробы прыйшлося забіць 11 мільёнаў кураў, а ў ЗША – нават 44 млн. Ачагі віруса цяпер знаходзяць у многіх еўрапейскіх дзяржавах.

Паводле прагнозаў Польскай асацыяцыі птушкагадоўлі, яшчэ ў гэтым годзе, зімой, некаторыя птушкафермы могуць стрымаць вытворчасць яек. Свет з занепакаеннем назірае за сітуацыяй у Бразіліі. Калі птушыны грып дойдзе да гэтай краіны і прымусіць масава знішчаць пагалоўе кураў, гэта акажа негатыўны ўплыў на іншыя дзяржавы з увагі на вялікі маштаб мясцовай птушкагадоўлі.

нг