Беларуская Служба

З-за высокіх тарыфаў на энергію рэстарацыі вымушаныя зачыняцца

31.01.2023 13:09
Інфляцыя таксама прывяла да рэзкага росту коштаў на прадукты.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnestokpic/Pixabay

Рэальнасць і бізнес-асяроддзе для гастраноміі апошнім часам моцна змяніліся ў горшы бок. Выдаткі растуць беспрэцэдэнтнымі тэмпамі, прычын для паляпшэння сітуацыі і зменаў да лепшага няма. Як вынік, рэстарацыі, якія працавалі гадамі, вымушаныя зачыняцца.

Гісторыю кавярні, якая стала чарговай ахвяраю эканамічных праблем. Расказвае dziennikwschodni.pl.

Umeå, адзін з нямногіх вегетарыянскіх і веганскіх рэстаранаў у Любліне, можа быць зачынены. Усё з-за шалёнай інфляцыі і росту тарыфаў на газ. Пачатак году надзвычай кепскі для люблінскай сферы грамадскага харчавання. Пра закрыццё ўжо заявілі ўласнікі некалькі вядомых у горадзе рэстарацый.

Інфляцыя прывяла да рэзкага росту коштаў на ўсе прадукты. Аднак уласнікі Umeå не захацелі значна павышаць цэны.

«Мы таксама плацім па рахунках. Мы ведаем і разумеем, што гэта праблема ва ўсіх. Таму ў пачатку гэтага года вырашылі падняць цэны толькі каля 10 працэнтаў. Ніжэй за ўзровень інфляцыі. Спадзяваліся, што страты кампенсуюцца большай колькасцю гасцей, – расказвае Ганна Брыда, кіраўніца кавярні Umeå. Але гэтага не здарылася. – Трафіку ўжо не так шмат, як раней. Кашалькі ва ўсіх становяцца ўсё танчэйшымі, і нават калі цэны ў нас вельмі даступныя, людзі не могуць дазволіць сабе есці ў рэстаранах кожны дзень. Нягледзячы на гэта, мы спадзяваліся выжыць, а потым атрымалі рахунак за газ, які быў на 300 працэнтаў вышэйшы за папярэдні. За два месяцы трэба заплаціць 8 тысяч злотых, таму што мы выкарыстоўваем шмат газу. Мы ім ацяпляем памяшканне, маем газавую пліту. Каб аплаціць такі рахунак, трэба выдаткаваць усе сродкі, атрыманыя амаль за два тыдні працы. А ёсць і іншыя выдаткі».

Уладальнікі рэстарана Umeå пакуль не здаюцца і спрабуюць завабіць як мага больш гасцей, напрыклад, пачалі продаж ваўчараў на 10, 20 або 30 страў або абедаў, якія можна выкарыстоўваць на працягу двух месяцаў – фактычна гэта авансавыя плацяжы ад кліентаў.

Пытанне захаваць бізнес цяпер актуальнае для многіх уласнікаў кавярняў і рэстарацый.

вх