Беларуская Служба

У Польшчы могуць пабудаваць тры заводы па вытворчасці боепрыпасаў

13.03.2023 12:54
Цяпер прадстаўнікі польскай зброевай кампаніі PGZ вядуць перамовы з паўднёвакарэйскімі кампаніямі.
Ілюстрацыйны здымакpaparazzza/ Shutterstock

Вайна вычэрпвае буйнакаліберныя снарады і ракеты. Для аднаўлення запасаў усім краінам будуць патрэбныя гады.

З моманту пачатку рэгулярнай вайны ва Украіне ўкраінская артылерыя выпусціла больш за 1 мільён снарадаў, піша Dziennik.pl. Разам з пераходам абаронцаў з постсавецкай на заходнюю тэхніку расце патрэба ў снарадах 155-мм. А рэсурсы і вытворчыя магутнасці абмежаваныя.

- Асабліва важна павялічыць вытворчасць боепрыпасаў, – заявіў на мінулым тыдні Енс Столтэнберг, генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу.

Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль паведаміў, што ў бліжэйшы час ЕС выдзеліць 2 мільярды еўра на боепрыпасы – 1 мільярд на закупкі Украіне і 1 мільярд на папаўненне запасаў краінамі, якія ўжо перадаюць снарады і ракеты.

Аднак цяпер заходнія саюзнікі вырабляюць значна менш, чым спажывае Украіна.

«Цяпер прадстаўнікі польскай зброевай кампаніі PGZ вядуць перамовы з паўднёвакарэйскімі кампаніямі, вынікам якіх павінна стаць стварэнне ў Польшчы завода, здольнага вырабляць, у тым ліку, снарады для танкаў і артылерыі», – паведамляе газета.

Таксама вядуцца перамовы з нямецкай прамысловасцю.

Мяркуецца, што польскі ўрад выкладзе сродкі на вытворчасць, а тэхналогія серыйнай вытворчасці будзе набыта. Будаўніцтва такой фабрыкі каштуе 1 мільярд злотых і (пры аптымістычным сцэнары) яна можа пачаць вытворчасць праз тры гады пасля пачатку інвестыцый.
яс