Беларуская Служба

Беларускія бізнесмены на форуме ў Белдоме ў Варшаве: ёсць такія, што ездзяць на Porsche, а ёсць і тыя, хто толькі пачынае

20.03.2023 16:47
У Польшчы зарэгістраваныя тысячы бізнесаў беларусамі або з удзелам беларусаў.
Аўдыё
Беларускі дом у Варшаве стаў месцам Форуму беларускіх прадпрымальнікаўфота: Наталля Грышкевіч/БСПР

У Беларускім доме ў Варшаве адбыўся Форум беларускіх прадпрымальнікаў. На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне вядзення бізнесу ва ўмовах высокай рызыкі, гнуткасць кіраўніцтва, былі прыведзеныя прыклады паспяховых бізнесаў беларусаў за мяжой, таксама казалі аб тым, як заснаваць і развіваць уласную справу.

У Польшчы зарэгістраваныя тысячы бізнесаў беларусамі або з удзелам беларусаў. Многія з гэтых людзей былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі па палітычных матывах, звярнуць уласную справу на Радзіме, нават калі бізнес быў вельмі паспяховы і даходны. Падчас Форуму беларускіх прадпрымальнікаў гучала шмат пазітыўных прыкладаў заснавання і вядзення бізнесу ў Польшчы, беларускія бізнесмены і жанчыны-прадпрымальніцы казалі, што калі ў кагосьці атрымлівалася ў Беларусі, то на 99,9% у яго атрымаецца і ў Польшчы. А спецыфіка беларускага бізнесу яшчэ ў тым, што ён павінен быць сацыяльна арыентаваным, – адзначае дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

- У 2022 годзе 1700 беларусаў заснавала ў Польшчы прадпрымальніцкую дзейнасць. Агулам ужо каля 5 тыс беларусаў займаецца тут бізнесам. Гэта і буйныя, і сярэднія, і малыя бізнесы. На працягу мінулага і пазамінулага года мы рабілі бізнес-сняданкі, а супрацу з бізнес-супольнасцю, у тым ліку з беларусамі з Беларусі, мы рэалізуем з 2015 г. Раней мы запрашалі нашых прадпрымальнікаў у Польшчу, паказвалі ім польскі досвед, асабліва малога і сярэдняга бізнесу, хаця – вось, паглядзіце, людзі і на Porsche прыязджаюць, ёсць беларусы і з такімі бізнесамі, што вельмі прыемна. Для нас вельмі важна, каб беларусы, якія былі прымушаныя пакінуць Беларусь, пачалі зарабляць грошы тут, і вельмі важна, каб гэты бізнес разумеў сацыяльную адказнасць перад грамадствам, асабліва цяпер, калі амаль тры гады ідуць рэпрэсіі. Каб гэтыя людзі разумелі, што трэба дзяліцца часткай грошай на грамадскія патрэбы – падтрымку рэпрэсаваных, рэлакантаў і г.д. З гэтым яшчэ вялікія праблемы. Так што наша мэта: першае – кансультацыі, каб дапамагчы ўстаць на ногі бізнесменам, і другое – пабудова мастоў паміж бізнесам беларускай дыяспары і бізнесам метраполіі. Зразумела, цяпер не самы лепшы час, на мяжы з Беларуссю пабудавалі сцяну. Дзеля таго, каб пасля пераменаў яна была перанесеная далей, да Смаленску і Бранску, трэба працаваць ужо цяпер.

Сабраныя ў Белдоме беларусы дзяліліся вопытам, расказвалі, як яны адкрывалі прадпрыемствы, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся. Рэжысёр і трэнер Алена Ганевіч распавяла, як яна ў роднай Лідзе марыла адкрыць уласны тэатр, але гэтым марам не было наканавана споўніцца. Затое Алене ўдалося адкрыць уласную «Школу для жыцця». Яна адзначыла, што самае важнае – мэтанакіравана ісці да сваёй мэты.

- Да мяне пачалі прыходзіць дзеці з праблемамі ў соцыуме. І я пачала атрымліваць задавальненне ад таго, што я дапамагаю іншым. Калі я адкрывала школу, я вельмі баялася, але дачка мне ўвесь час казала: «У цябе ўсё атрымаецца, не бойся». І гэта самае важнае – не баяцца, а ісці.

Іншая ўдзельніца сустрэчы, Марыяна падкрэсліла, што вельмі цікава знаёміцца з людзьмі, атрымліваць ад іх нейкія парады.

- Добра мець кантакты, якія могуць спатрэбіцца ва ўласнай справе. Мы з мужам адкрылі маленькі стартап. Мой муж дызайнер, ён намаляваў некалькі прынтоў, якія можна размясціць на цішотках ці на кубках. Мы запусцілі старонку, набіраем падпісчыкаў. У Беларусі людзі не могуць выкарыстоўваць бела-чырвоны колер, а тут можна нічога не баяцца. Гэта толькі пачатак, паглядзім, што з гэтай ідэі выйдзе.

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё

нг