Прыватны аператар 65 аэрапортаў у свеце лічыць, што планаваны ў Польшчы Цэнтральны камунікацыйны порт (ЦКП) – гэта шанец на добры бізнес і хоча інвеставаць у польскі праект. Па гэтай справе прадстаўнікі кампаніі ўжо пяты раз наведалі Польшчу, паведамляе Puls Biznesu. Vinci Airports – гэта французскі аператар 65 аэрапортаў у 12 краінах (яшчэ сем знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва), у якіх працуюць 17 тысяч чалавек.
Прэс-сакратар польскага ЦКП Конрад Майшык сказаў, што працэдура выбару стратэгічнага партнёра ўжо вельмі прасунутая.
«Сярод большай колькасці зацікаўленых у праекце мы выбралі некалькіх патэнцыйных інвестараў з Еўропы і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, з якімі працягваем перамовы. Не сакрэт, што сярод іх Incheon International Airport Corporation – адміністратар аэрапорта ў Сеуле – стратэгічны дарадца ЦКП, які ўжо ў 2022 годзе абвясціў аб сваёй гатоўнасці стаць частковым інвестарам аэрапорта. Карэйцы гатовыя інвеставаць некалькі сотняў мільёнаў злотых.
Паводле выдання Puls Biznesu, інвестыцыйная мадэль французскай групы Vinci Airports, даходы якой у 2022 годзе перавысілі 60 мільярдаў еўра, заключалася б ва ўкладанні грошай у пачатковы капітал сумеснай кампаніі і забеспячэнні фінансавання.
«Будаўніцтва хаба, які будзе абслугоўваць паўночную і цэнтральную частку Еўропы, мае вялікі патэнцыял. Мы гатовы пабудаваць канкурэнтаздольны аэрапорт з усімі відамі авіяліній, які будзе прыцягваць турыстаў у Польшчу, абслугоўваць растучы паветраны рух у краіне і стаць рухавіком польскай эканомікі», – запэўніваюць прадстаўнікі Vinci Airports.
аз