Беларуская Служба

Эксперт: Адмена беларускага эмбарга на польскія яблыкі не зменіць сітуацыі пладаводаў

07.04.2023 14:03
Забарона на ўвоз яблыкаў была ўведзена Беларуссю 1 студзеня 2022 года ў дачыненні да краінаў, якія ўвялі санкцыі супраць Мінска.
ЯблыкіMareefe/pixabay.com/CC0 Public Domain

Адмена эмбарга на экспарт польскіх яблыкаў у Беларусь у перыяд з 1 красавіка па 30 чэрвеня можа падтрымаць галіну пладаводства ў Польшчы, але ейнай сітуацыі рашуча не памяняе, лічыць кіраўнік асацыяцыі «Agroekoton» Міраслаў Кажанёўскі.

Нагадваем, з 1 красавіка па 30 чэрвеня будзе дазволены экспарт польскіх яблыкаў у Беларусь. Забарона, між іншым, на іх увоз была ўведзена Беларуссю з 1 студзеня 2022 года і распаўсюджваецца на краіны, якія ўвялі санкцыі супраць Мінска, нагадвае агенцтва PAP.

«Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь была найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў у свеце. Гэта было значна больш за паўмільёна тон афіцыйнага экспарту», – нагадвае Міраслаў Каржанёўскі.
На яго думку, зняцце эмбарга на экспарт польскіх яблыкаў у Беларусь – гэта магчымасць экспарту, асабліва тых відаў, якія больш складана прадаць на іншых рынках, напрыклад, у краінах Еўрасаюза. Аднак гэта не памяняе рашуча сітуацыі ў польскім пладаводстве.

«Па-першае, гэта канец сезона, а па-другое, давайце ўспомнім пра лагістычныя праблемы. Зараз з Беларуссю адкрыты толькі адзін памежны пераход(…) Тым не менш, адмена эмбарга павінна спрыяць паляпшэнню імпартна-экспартнага балансу на рынку яблыкаў», – кажа эксперт.

Гаворка ідзе пра тое, што ў мінулым сезоне Польшча імпартавала 300 тысяч тон яблычнага канцэнтрату, у асноўным з Украіны і Малдовы, у якіх, у выніку вайны ва Украіне, цэны сталі вельмі прывабнымі для імпарцёраў.

«Таму экспарт у Беларусь можа кампенсаваць гэты гістарычна высокі імпарт канцэнтрату«, – лічыць Кажанёўскі.

аз