Беларуская Служба

Польшча робіць акцэнт на развіцці «зялёнай» энергетыкі

11.04.2023 14:12
Дафінансаванне цеплавых помпаў і сонечных калектараў будзе даступна ў новым выданні праграмы «Мая электрычнасць».
Цеплавая помпа Shutterstock/klikkipetra

Заявы будуць прымацца з сярэдзіны красавіка.

Намеснік старшыні Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі Павел Міроўскі (Paweł Mirowski) сказаў, што ўзровень субсідый на фотаэлектрычныя ўстаноўкі, акумулятары энергіі, акумуляванне цяпла і сістэмы кіравання энергіяй, хутчэй за ўсё, будзе такім жа, як і ў папярэднім выданні праграмы «Мая электрычнасць».

- На ўсталяванне фотаэлектрычных панэляў можна было атрымаць 6 тысяч злотых, на назапашванне энергіі – да 16 тысяч злотых, на захоўванне цяпла – да 5 тысяч злотых і на сістэмы кіравання энергіяй – да 3 тысяч злотых. Такія аб'ёмы фінансавання мы зможам гарантаваць на новы выпуск праграмы «Мая электрычнасць».

Павел Міроўскі дадаў, што новаўвядзеннем будуць субсідыі на набыццё цеплавых помпаў і сонечных калектараў для гарачай вады. Намеснік старшыні Нацфонду расказаў, што памер дафінансавання на закупку цеплавых помпаў будзе залежаць ад тыпу прылады. Праграма «Мая электрычнасць» фінансуе да 50 працэнтаў выдаткаў на ўстаноўку.

Раней міністр клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва паведаміла, што максімальны памер субсідыі складзе 58 тысяч злотых.

З 2019 года ў рамках чатырох папярэдніх выданняў праграмы «Мая электрычнасць» паступіла больш за 500 тысяч заявак на суму каля 2 мільярдаў злотых.

IAR/яс