Беларуская Служба

Закончылася «Праграма добраахвотнага продажу нерухомасці» для будаўніцтва новага аэрапорта «Салідарнасць»

11.04.2023 15:15
Усяго на праект падалі заяўкі больш за 1100 гаспадароў, у якіх больш чым 3200 гектараў.
Праект ЦПКфота: Twitter/CPK

ААТ «Цэнтральны порт камунікацыі» (па-польску ЦПК) закончыла прыём заявак на ўдзел у праграме добраахвотнага продажу зямельных участкаў і дамоў у раёне будучага аэрапорта. Паводле звестак ЦПК, кампанія ўжо набыла больш за 555 га зямлі. 

Усяго на праект падалі заяўкі больш за 1100 гаспадароў, у якіх больш чым 3200 гектараў. Больш за 80 працэнтаў збудаванняў на тэрыторыі будучага аэрапорта ЦПК знаходзяцца ў працэсе «Праграмы добраахвотнага продажу нерухомасці».

Для будаўніцтва першай часткі аэрапорта «Салідарнасць» неабходна 2150 гектараў. Мэтай кампаніі было набыццё як мінімум 2/3 плошчы будучага аэрапорта ў выглядзе добраахвотных здзелак.

Уласнік, які далучыўся да «Праграмы», мог разлічваць на ацэнку нерухомасці на ўзроўні 140 працэнтаў рынкавага кошту будынка і 120 працэнтаў кошту зямлі. Іншая магчымасць – гэта ацэнка з улікам аднаўленчага кошту маёмасці – гэта значыць, напрыклад, за 100-метровы дом 1950 году пабудовы кампанія плаціць столькі, каб уладальнік пабудаваў новы дом у 100 квадратных метраў па цяперашніх стаўках. Кошт кожнай нерухомасці вызначаюць незалежныя эксперты.

У кампаніі ЦПК паведамілі, што падобная праграма добраахвотнага продажу ўчасткаў будзе запушчана для будаўніцтва чыгуначных ліній да аэрапорта ў Баранаве. Гэта маршруты з Варшавы ў Лодзь, з Лодзі ў Вроцлаў і з Катавіцэ ў чэшскую Астраву.

Першыя работы па будаўніцтве аэрапорта «Салідарнасць» у Баранаве павінны пачацца гэтым летам. Будаўніцтва першай часткі аэрапорта плануецца завяршыць у 2028 г.

Цэнтральны порт камунікацыі – гэта планаваны ў Польшчы перасадачны вузел паміж Варшавай і горадам Лодзь, які аб'яднае паветраны, чыгуначны і аўтамабільны транспарт. У рамках гэтага праекту прыкладна ў 40 км на захад ад Варшавы, на плошчы каля 30 км², будзе пабудаваны аэрапорт «Салідарнасць», які на першым этапе будзе здольны абслугоўваць 45 мільёнаў пасажыраў у год. ЦПК таксама прадугледжвае інвестыцыі ў чыгунку: вакзал у непасрэднай блізкасці да аэрапорта, што дазволіць дабірацца паміж Варшавай і найбуйнейшымі гарадамі Польшчы не больш чым за 2,5 гадзіны.

яс/IAR