Беларуская Служба

Канцэрн Volkswagen мог выкарыстоўваць нявольніцкую працу ў Бразіліі

15.04.2023 19:05
Як вынікае са следства бразільскай пракуратуры, фірма адказвае за жахлівыя ўмовы працы рабочых у амазонскім штаце Пара.
  .
Сімвал нямецкага аўтаканцэрну.фота: Pixabay.com/jp26jp

Тыднёвае выданне Sieci піша пра магутны нямецкі канцэрн Volkswagen, а дакладней, пра цёмныя старонкі яго гісторыі. Той факт, што кампанія ў часы Другой сусветнай вайны выкарыстоўвала нявольніцкую працу, шырока вядомы. Але значна менш вядома пра тое, што гэта магло мець месца і пасля вайны.

Volkswagen – лідар аўтамабільнага рынку Бразіліі, на якім ён прысутны з пачатку 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта Volkswagen, як вынікае са следства бразільскай пракуратуры, адказвае за жахлівыя ўмовы працы рабочых у амазонскім штаце Пара. У 1969 годзе канцэрн набыў там вялізную тэрыторыю ў ваеннай хунты, якая на той час кіравала дзяржавай. І пачаў набіраць супрацоўнікаў дзеля выкарчоўвання лесу, абяцаючы ім высокую зарплату. Але аказалася, што рабочым прыйшлося плаціць за інструменты, харчаванне і пражыванне. Вельмі высокую цану. У выніку рабочыя трапілі ў спіраль даўгоў. Каб выплаціць даўгі, ім прыходзілася вельмі цяжка працаваць, практычна бясплатна. Уцекачоў лавілі і прывязвалі да дрэваў. Некаторыя рабочыя прапалі без вестак. Гэта працягвалася амаль да канца 80-ых гадоў, да таго часу, калі, праз два гады пасля падзення хунты, канцэрн прадаў ранча.

У тыя часы не было магчымасці падаць на канцэрн у суд, паколькі прадпрыемства вельмі блізка супрацоўнічала з рэжымам. Кіраўніцтва канцэрну выдавала паліцыі сваіх супрацоўнікаў, часцей за ўсё за іх дзейнасць у забароненых прафсаюзах. Многія былі катаваныя.

Некаторыя супрацоўнікі фабрыкі атрымалі ад канцэрну кампенсацыю ў 2020 годзе. Аднак, нямецкая кампанія надалей не жадае выплаціць кампенсацыю колішнім рабочым амазонскага ранча, яна адхіляе іх абвінавачванні. У сувязі з гэтым бразільская пракуратура заявіла, што яна выкарыстае ўсе магчымыя сродкі, як унутры дзяржавы, так і за мяжой, каб прымусіць канцэрн заплаціць кампенсацыю.

нг