Магчымасць сачыць за людзьмі пры дапамозе сеціва ніколі не была такой шырокай, як цяпер, усё больш кампаній прапануе шпіёнскія праграмы – піша Rzeczpospolita.
У свеце зноў загаварылі пра шпіёнскія сістэмы – пасля Pegasus цяпер у цэнтры ўвагі не менш магутны інструмент, які дазваляе дыстанцыйна ўзламаць любы смартфон, планшэт ці ноўтбук. Праграмнае забеспячэнне Reign быццам бы заказалі шматлікія ўрады, у тым ліку ў Еўропе.
Эксперты адзначаюць, што бізнес у індустрыі шпіёнскага праграмнага забеспячэння квітнее. З 2015 года аналітыкі вашынгтонскага аналітычнага цэнтру Фонду Карнэгі за міжнародны мір (CEIP) зафіксавалі выкарыстанне такіх праграм у 73 краінах, але ў сваёй справаздачы яны папярэджваюць, што сапраўдныя лічбы, безумоўна, вышэйшыя. Бізнес працуе як гідра, на месцы дыскрэдытаваных кампаній з'яўляюцца новыя.
Нядаўна праблемай рынку шпіёнскіх праграм заняўся Еўрапарламент. У сваім дакладзе ён адзначыў, што галіна квітнее на «адкрытым рынку ЕС, які дазваляе непразрыстым кампаніям атрымліваць выгаду ад спрыяльных банкаўскіх і падатковых рэжымаў».
Не толькі смартфоны і ноўтбукі, але і разумныя гадзіннікі, тэлевізары, халадзільнікі і пральныя машыны, і нават «разумныя» кандыцыянеры, тэрмастаты, камеры, датчыкі руху або выключальнікі святла і разеткі – гэта абсталяванне, якое хакеры могуць выкарыстаць у мэтах інтэрнэт-атакі або крадзяжу нашых дадзеных.
Шпіёнская праграма Reign, выяўленая на мінулым тыдні, магла адсочваць месцазнаходжанне ахвяр, запісваць размовы на іх тэлефонах і чытаць паведамленні. Спецыялісты тлумачаць, што магчымасці абароны ад такіх перадавых шпіёнскіх сістэм вельмі абмежаваныя, асабліва для прыватных асоб. Тым не менш, каб зменшыць небяспеку, усе прылады неабходна аснашчаць сучаснымі антывіруснымі сістэмамі.
нг