Беларуская Служба

Украіна і Еўрапейскі Звяз: магчыма, дзяржава атрымае шанец далучыцца да адзінага рынку яшчэ перад поўным членствам

07.05.2023 13:48
На ўкраінскім шляху да паўнапраўнага членства ў ЕЗ яшчэ шмат перашкодаў, перш за ўсё павінна скончыцца вайна.
Аўдыё
  • Перспектывы далучэння Украіны да ЕЗ
Ілюстрацыйны здымакфота: Christophe Licoppe/Shuterstock

1 траўня палякі адзначалі гадавіну ўступлення ў Еўрапейскі Звяз. Дзякуючы членству ў супольнасці, а таксама працавітасці і мэтанакіраванасці саміх палякаў, за гэтыя 19 гадоў Польшча вельмі змянілася ў лепшы бок. Яна дае пазітыўны прыклад суседзям, што варта імкнуцца да членства ў ЕЗ.

На прыклад Польшчы глядзяць, між іншым, украінцы, яны таксама імкнуцца ўступіць у супольнасць, што, дарэчы, і стала адной з прычын нападзення з боку Расіі. На ўкраінскім шляху да паўнапраўнага членства ў ЕЗ яшчэ шмат перашкодаў, перш за ўсё павінна скончыцца вайна і пачацца адбудова знішчанай дзяржавы.

Пры стварэнні заснавальнікі ЕЗ кіраваліся агульнымі каштоўнасцямі, адзінымі для розных краін Еўропы. Гэта пашана права да свабоды, абарона правоў чалавека, сацыяльны прагрэс. На жаль, цяпер ЕЗ мае шмат праблем, у тым ліку эканамічны і міграцыйны крызіс, таму гэтыя каштоўнасці крыху адышлі на другі план. Аднак цяпер менавіта ўкраінцы катэгарычна нагадваюць пра іх, бо яны ваююць супраць імперскіх амбіцыяў Расіі. Ці ва Украіны, канешне, пасля перамогі, ёсць шанцы хутка ўступіць у ЕЗ? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да дырэктара Фундацыі Шумана Рафала Дымэка (Rafał Dymek).

- На маю думку, Украіна павінна атрымаць шанец, каб у будучыні стаць членам Еўрапейскага Звязу. Я не ў стане прадбачыць, колькі часу на гэта спатрэбіцца. Паводле правілаў Еўразвязу, можна ў пэўнай ступені паскорыць пачатак некаторых этапаў перамоўнага працэсу перад уваходам у супольнасць, але немагчыма іх цалкам абысці. Кожная дзяржава, якая імкнуцца стаць членам ЕЗ, павінна выканаць усе патрабаванні ад кандыдата. І не заўсёды ёсць магчымасць паскорыць гэты працэс. На жаль, цяпер у некаторых адказных чыноўнікаў ЕЗ назіраецца такое стаўленне, што ў гісторыі пашырэння Еўразвязу розныя этапы адбываліся занадта хутка. І таму менавіта эфекты гэтага пашырэння былі негатыўныя. І таму кожная краіна-кандыдат, у тым ліку Украіна, павінна прайсці праз усе этапы. Цяжка прадбачыць, колькі гэта будзе працягвацца, але я спадзяюся, што гэта закончыцца поспехам.

Сапраўды, некаторых этапаў працэсу далучэння да ЕЗ немагчыма прапусціць або значна прыспешыць, але, можа, удасца яшчэ перад прыняццем Украіны ў супольнасць максімальна ўцягнуць яе ў супольныя з ЕЗ механізмы, скажам, дзякуючы прынцыпам адзінага рынку?

- Магчыма, на гэтым шляху ўдасца стварыць пераходныя этапы. Дарэчы, неабходна сказаць, якія самыя важныя пазітыўныя бакі членства ў ЕЗ. Як правіла, людзі кажуць пра адсутнасць межаў, магчымасць свабодна падарожнічаць. Сапраўды, гэта важна. Але вельмі важны таксама адзіны рынак ва ўсіх краінах, якія належаць да ЕЗ. Гэта магчымасць свабодна гандляваць у межах гэтых дзяржавах, свабодны рух тавараў, а таксама працаўнікоў. І менавіта гэтая ідэя ляжала ў аснове стварэння Еўразвязу, калі ён яшчэ так не называўся. Гэты прынцып застаўся адным з базісаў супольнасці. Мы калісьці правялі даследаванні, з якіх вынікала, што даходы сярэднестатыстычнага паляка, дзякуючы ўдзелу Польшчы ў адзіным рынку на працягу апошніх 19 гадоў, выраслі на 1400 злотых у месяц ($330). Вырас таксама ВУП Польшчы. Калі б не членства ў ЕЗ, польская эканоміка была б на ўзроўні самай беднай дзяржавы ў супольнасці – Балгарыі. А вяртаючыся да Украіны, трэба сказаць, што ёсць магчымасць уваходу ў адзіны рынак без поўнага членства ў ЕЗ. Польшча не атрымала такой магчымасці, але, верагодна, Украіна яе атрымае, яшчэ перад тым, як уступіць у Еўразвяз. І гэта прынясе карысць грамадзянам Украіны.

А Беларусь? У адрозненне ад Украіны, грамадзяне гэтай краіны не змагаюцца за ўступленне ў ЕЗ. Тым не менш, польскія дзеячы не раз казалі, што без вольнай Беларусі і вольнай Украіны няма бяспечнай Польшчы. Ці могуць улады ЕЗ і Польшчы зрабіць больш, каб вырваць Беларусь з кіпцюроў Расіі, ці яны робяць дастаткова?

- Я не хачу расчароўваць слухачоў, але шматлікія гістарычныя падзеі паказваюць, што вонкавая падтрымка можа быць важнай, аднак перш за ўсё павінен быць унутраны каталізатар. У краіне павінны быць унутраныя фактары, жаданне пераменаў. А вонкавыя фактары могуць гэтыя змены паскорыць або прытармазіць. ЕЗ не можа нічога навязваць суверэннай дзяржаве. Гэта адзін з важнейшых прынцыпаў Еўразвязу. Так што спачатку павінны паявіцца ўнутраныя ўмовы (беларусы павінны захацець далучыцца да ЕЗ), а толькі пазней супольнасць можа аказваць падтрымку на гэтым шляху.

 

нг