Беларуская Служба

Урад у Варшаве вырашыў адсочваць нават за тымі прадуктамі з Украіны, на якія не распаўсюджваецца забарона ЕС

09.05.2023 15:16
Гэта яйкі, мука, птушынае мяса, яблычны сок і мяккая садавіна.
Ілюстрацыйны здымакфота: Klahan/Shutterstock

Міністр сельскай гаспадаркі Робэрт Тэлюс паведаміў, што Польшча пашырыць маніторынг за прадуктамі, якія імпартуюцца з Украіны. Гэта яйкі, мука, птушынае мяса, яблычны сок і мяккая садавіна, якія не былі забароненыя Еўракамісіяй на ўвоз у Еўрасаюз.

У пачатку мая ў ЕС уступіла ў сілу забарона на ўвоз пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку. Астатнія прадукты, чый імпарт патрабавалі спыніць пяць краін-суседак Украіны, былі прадметам паскоранага расследавання Еўракамісіі. Калі Еўракамісія пацвердзіць сур'ёзныя парушэнні на агульным рынку, то будуць уведзеныя квоты і пошліны на сельскую вытворчасць з Украіны.

Польшча кансультуецца па гэтых пытаннях з Балгарыяй, Румыніяй, Славакіяй і Венгрыяй. Міністр сельскай гаспадаркі РП Робэрт Тэлюс (Robert Telus) заявіў, што ўкраінская прадукцыя будзе падвяргацца поўнаму кантролю:

 - Мы будзем суправаджаць транспарт гэтых прадуктаў, будзем глядзець, каб яны выехалі з Польшчы. Адначасова працягнем маніторыць адкуль прыбывае гэтая вытворчасць, куды яе вязуць і дзе іх разгружаюць. Гаворка ідзе пра муку, кураціну, яйкі. Мы хочам дакладна ведаць колькі іх паступае ў Польшчу, ці іх вязуць далей, ці яны застаюцца ў Польшчы. Мы будзем рабіць гэта з той мэтай, каб абараніць наш унутраны рынак.

Робэрт Тэлюс падкрэсліў, што пяць «прыфрантавых» краін будуць звяртацца ў Еўракамісію з просьбай павялічыць дапамогу фермерам. Пагадненне з Еўракамісіяй прадугледжвае 100 млн еўра для пяці краін, фермеры якіх зафіксавалі страты з-за празмернага імпарту з Украіны. Польшча атрымае амаль 40 мільёнаў еўра.

Польшча разам з Балгарыяй, Румыніяй, Славакіяй і Венгрыяй таксама будзе хадайнічаць аб падаўжэнні забароны на імпарт пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку на перыяд пасля 5 чэрвеня.

У Польшчы па ўсёй краіне праходзяць пратэсты фермераў, якія паносяць вялікія страты ў сувязі з залівам польскага рынку больш танным таварам сельскай вытворчасці з Украіны.

IAR/яс