Выданне Rzeczpospolita на першай паласе піша пра эканамічную актыўнасць украінцаў у Польшчы. Мігранты з іншых дзяржаваў не маюць такіх добрых умоваў прабывання, як бежанцы з Украіны. Дзякуючы гэтаму, а таксама ў выніку блізасці культураў двух народаў, так шмат украінцаў у Польшчы працуе – каля 78%. У тым ліку палова з іх высылае грошы сваякам, якія засталіся ва Украіне.
Выданне прыводзіць вынікі справаздачы, падрыхтаванай, у прыватнасці, агенцтвам працаўладкавання EWL і Варшаўскім універсітэтам. Перад Польшчай унікальны шанец атрымаць высокакваліфікаваных спецыялістаў, – адзначае старшыня EWL Анджэй Коркус. Для польскай эканомікі было б лепш, калі б украінцы знаходзілі працу паводле сваёй кваліфікацыі.
Пакуль што, як вынікае са справаздачы, толькі кожны трэці апытаны знайшоў працу згодна сваёй адукацыі. Гэта вельмі распаўсюджаная праблема сярод мігрантаў, асабліва тых, хто прыехаў з далёкіх краін. Маладыя людзі ў Еўропе, якія з’яўляюцца мігрантамі, значна часцей пакутуюць ад нястачы, чым іх равеснікі – еўрапейцы. Калі ў сярэднім дзевятнаццаці адсоткам мігрантаў у Еўропе пагражае галеча, то сярод мігрантаў з Азіі ды Афрыкі гэта ўжо 37%. Адной з прычын з’яўляецца тое, што азіяты і афрыканцы менш актыўна займаюцца пошукам працы, але ўплывае на гэта таксама стаўленне іншых. Украінцы атрымалі ў Польшчы такія ж правы, як палякі, чаго нельга сказаць пра бежанцаў з іншых дзяржаваў.
нг