Плацёж на дождж спаганяецца ў Польшчы з 2018г., піша Яцэк Пшыбыльскі ў тыднёвіку Do Rzeczy. Гэта тычыцца ўладальнікаў тых аб'ектаў нерухомасці, вялікая паверхня якіх, напрыклад, забетанаваная, заасфальтаваная або выбрукаваная. Тэарэтычна, новы падатак павінен заахвоціць людзей адмовіцца ад бетону на панадворку.
Безумоўна, на практыцы падатак – гэта новая крыніца грошай, якую палітыкі і чыноўнікі могуць траціць больш-менш бестурботна. Польскі ўрад шмат месяцаў рыхтаваўся значна павялічыць колькасць грамадзян, якія будуць абавязаныя плаціць падатак на дождж. Плануецца, што гэты падатак будзе датычыць уладальнікаў нерухомасці плошчай больш за 600 кв.м (цяпер – больш за 3,5 тысячы кв.м) з забудовай не менш за 50 працэнтаў участка.
Падатак на дождж гэта не адзіны абсурдны падатак у Польшчы. Здаўна палякі і замежныя турысты плацяць за паветра – гэтак званая кліматычная плата, якую збіраюць санаторныя і турыстычныя мясцовасці.
Абсурдныя падаткі ў свеце
У артыкуле Яцэк Пшыбыльскі прыводзіць іншыя прыклады абсурдных падаткаў у еўрапейскіх краінах.
Грамадзяне Бельгіі мусяць плаціць падатак за грыль- за кожны раз 20 еўра, у Грэцыі – за ўласны басейн (за 100 кв.м. басейна 3 тыс. еўра), і нават за цень ад парасонаў і тэнтаў -у Італіі.
У Эстоніі ў 2008 г. улады ўвялі падатак на каровіны адходы.
У Кітаі ў сярэдзіне 90-х гг улады Пекіну ўвялі падатак на нефармальныя адносіны 1,5 тыс.долараў. У сваю чаргу карэйскія жанчыны плацяць падатак на... прыгажосць – 10% за кожную працэдуру пластычнай хірургіі. Падатак на ботакс плацяць у некаторых штатах ЗША, а ў Аркансасе – уведзены падатак на татуажы і на пірсінг.
Яшчэ больш абсурдны збор увялі ўлады Гвінеі – за спакойнае жыццё, за кожны год без вайны. «Да гэтага нашыя палітыкі яшчэ не дадумаліся», – канстатуе Яцэк Пшыбыльскі ў тыднёвіку Do Rzeczy.