Брытанская кампанія Post Office кожны год публікуе справаздачу пад назвай «Барометр гарадскіх выдаткаў». Гэта рэйтынг еўрапейскіх гарадоў, які складаюць паводле турыстычных выдаткаў. У тым ліку ўлічваюць цэны на такія папулярныя напоі, як кубак кавы, бутэлька піва, бляшанка кока-колы і пэпсі, келіх віна. Аўтары справаздачы таксама вывучылі цэны на праезд у грамадскім транспарце, пражыванне ў трохзоркавых гатэлях або трохразовае харчаванне на дваіх з бутэлькай хатняга віна ў рэстаране. Таксама падлічваліся цэны на наведванне галоўнага музея і мастацкай галерэі або самага вядомага помніка ў горадзе.
Упершыню за 16 гадоў Лісабон апынуўся на першым месцы ў рэйтынгу самых танных гарадоў Еўропы. За апошні год цэны на харчаванне, пражыванне і турыстычныя славутасці ў гэтым горадзе выраслі ў сярэднім толькі на два працэнты – значна менш, чым у большасці з 35 прааналізаваных гарадоў. Другое месца заняла Вільня – толькі таму, што пражыванне ў літоўскай сталіцы крыху даражэйшае, чым у Лісабоне.
На трэцім месцы апынуўся Кракаў. Выявілася, менавіта ў сталіцы Малапольшчы можна выпіць кубак кавы анйбольш танна ў Еўропе, пражыванне і культурныя славутасці ў Кракаве таксама адносна танныя. Пры гэтым вячэра ў кракаўскім рэстаране абыдзецца ў сярэднім значна даражэй, чым, напрыклад, у Лісабоне ці Порту.
Аднак ні Кракаву, ні тым больш Варшаве не ўдалося патрапіць у рэйтынг самых танных прадуктаў харчавання і цэн на наведванне культурных славутасцяў. У першай катэгорыі лідзіруюць Лісабон, Афіны і Порту, а ў другой – Дублін (уваход у асноўныя музеі там бясплатны), Заграб і Ліль.
Самыя танныя гарады для адпачынку на выходных паводле справаздачы «Барометр гарадскіх выдаткаў»:
- Лісабон
- Вільня
- Кракаў
- Афіны
- Рыга
- Порту
- Заграб
- Будапешт
- Варшава
- Ліль
У якіх гарадах мы патрацім грошай больш? Амстэрдам, Венецыя і Парыж — гэта топ-3 самых дарагіх гарадоў Еўропы. Далей пазіцыі занялі Барселона, Лондан, Рым, Эдынбург, Мадрыд, Дублін і Берлін.
Post Office Travel Money / Rzeczpospolita / вх