Беларуская Служба

Сусветныя цэны на каву ідуць уверх з-за вялікага попыту

19.05.2023 07:02
У Германіі, якая з’яўляецца найбольшым рынкам кавы ў Еўропе, кошты на растваральную каву выраслі на 20%.
Каваshutterstock.com/auns85

Сусветныя цэны на каву ідуць уверх з-за вялікага попыту, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. Асабліва цэны растуць на від рабуста, які звычайна таннейшы, бо гэта менш патрабавальная расліна, чым арабіка. Рабуста звычайна выкарыстоўваецца ў купажы эспрэса, таннейшых блендах кавы і пры вытворчасці растваральнай кавы. Але з-за сусветнай інфляцыі і росту коштаў спажыўцы перакінуліся на таннейшыя гатункі і маркі кавы, у тым ліку на растваральную, з-за чаго пачалі расці цэны на рабусту. Згаданую тэндэнцыю пацвердзілі ўматлікія вытворцы, у прыватнасці, лідар па вытворчасці растваральнай кавы, швейцарскі прадуктовы гігант Nestle.

Вытворцы рабусты не паспяваюць за рынкавым попытам, з-за гэтага пачаў з’яўляцца дэфіцыт згаданага віду кавы. У выніку цэны пачалі расці – на дадзены момант яны найвышэйшыя за апошнія 12 гадоў. Для прыкладу, у Германіі, якая з’яўляецца найбольшым рынкам кавы ў Еўропе, кошты на растваральную каву выраслі на 20%. Прычым шанцаў, што цэны знізяцца, на гарызонце пакуль што не бачна. Так, В’етнам, найбольшы вытворца рабусты, сёлета сабраў найменшы цягам апошніх чатырох гадоў ураджай, бо сяляне перакінуліся на культываванне іншых, больш прыбытковых сельгаскультур, для прыкладу, авакада і дурыяну.

Іншай прычынай змяншэння вытворчасці стаў рост цэн на ўгнаенні, які з’яўляецца вынікам расійскай агрэсіі на Украіну. У сваю чаргу ў Бразіліі, якая з’яўляецца другім у свеце вытворцам рабусты, неўраджай з-за засухі, у Інданезіі – з-за ліўняў, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.

вс