Беларуская Служба

Летні сезон-2023: дзе і як збіраюцца адпачываць палякі (ФОТА+ВІДЭА)

29.05.2023 17:41
Ужо цяпер турыстычныя бюро паведамляюць, што сёлета прададзена ў два разы больш тураў, чым годам раней.
Аўдыё
  • Летні сезон-2023: дзе і як збіраюцца адпачываць палякі
MorzeZdj. ilustracyjne
Morze/Zdj. ilustracyjneShutterstock.com

Набліжаецца летні турыстычны сезон. Шмат хто робіць планы на летні адпачынак, а многія ўжо раней набылі туры альбо зрабілі браню і чакаюць моманту, калі накіруюцца адпачываць пад айчынным ці замежным паўднёвым сонцам. Сёння мы раскажам, куды на адпачынак плануюць накіравацца палякі ў летнім сезоне-2023 і якія прагнозы робяць спецыялісты адносна ўнутранага турызму.

Motława w Gdańsku Motława w Gdańsku

Паводле даследавання рынку, 63% еўрапейцаў плануюць недзе выехаць на летні адпачынак. Айчынныя эксперты гавораць, што падобным чынам сітуацыя выглядае ў Польшчы. Прычым, як вынікае з прагнозаў польскіх турыстычных арганізацый, 12-18% палякаў плануюць накіравацца ў водпуск у замежныя краіны. І хоць цэны на адпачынак у Польшчы амаль такія ж, як за мяжой, то на карысць выбару ўнутранага турызму прамаўляе факт датацый. Нагадаем, польскія ўрад для сямей з дзецьмі ўвёў у 2020 годзе так званы турыстычны бон. Адзін бон вартасцю ў 500 злотых (110 еўра) даецца на адно дзіця ў сям’і, а ў выпадку дзіцяці-інваліда – 1 тыс. злотых (220 еўра). Прычым бон можна рэалізаваць у турыстычных аб’ектах унутры краіны, яго таксама нельга замяніць на грашовы эквівалент. Падчас мінулагодняга сезону на ўрадавую турыстычную праграму было прызначана 3 млрд 200 млн злотых (амаль 708 млн еўра).

Частка палякаў запланавала свой адпачынак раней і ўжо ведае мэту падарожжа.

- Я забраніравала трыма месяцамі раней, а частку адпачынку – годам раней, таму што ў мяне ў планах сямейнае свята.

- Па-рознаму здараецца: часам – месяц, часам – паўгода. У нас ёсць любімыя месцы адпачынку, і там браніруем.

Іншыя ж грамадзяне ўвогуле не плануюць адпачынку і месца адпачынку раней, а рашэнні прымаюць літаральна перад самым водпускам. І першы, і другі спосабы маюць свае перавагі і недахопы.

Zdjęcie ilustracyjne. Zdjęcie ilustracyjne.

Намеснік міністра спорту і турызму Польшчы Анджэй Гут-Мастовы сказаў Першаму каналу Польскага радыё, што сёлетні сезон будзе рэкордным, калі казаць пра турыстычныя выезды палякаў.

- Планы на адпачынак палякаў сёлета намнога больш багатыя ў параўнанні з папярэднімі гадамі, у тым ліку і да эпідэміі каранавіруса. Для прыкладу, паводле даследавання рынку, сёлета рост выездаў на адпачынак за мяжу складае некалькі дзясяткаў працэнтаў у параўнанні з папярэднімі гадамі. Падобны рост, хоць крыху меншы, назіраецца ў выпадку ўнутранага турызму.

Прычым, паводле спецыялістаў, пік сезону турыстычных выездаў сёлета будзе выглядаць па-іншаму, чым у ранейшыя гады. Гаворыць Пшэмыслаў Марчэўскі з Польскай турыстычнай арганізацыі.

- Усё сведчыць пра тое, што пік сезону наступіць у канцы ліпеня, а не так як раней – у жніўні.

Сёлета шмат людзей забраніравала выезды ўжо восенню. Гэта мае свае плюсы, бо ў дадзеным выпадку туры прадаюцца са зніжкамі альбо прынамсі існуе гарантыя таго, што цана не вырасце. А вядома, што цэны ідуць уверх перад самым пачаткам сезону. Многія палякі выбіраюць замежныя паездкі па некалькіх прычынах, гаворыць Барбара Чарвіньска-Альбін з Польскай турыстычнай арганізацыі.

- Многія палякі сёлета накіроўваюцца на адпачынак за мяжу. Кліенты выбіраюць Італію, Грэцыю, Балгарыю, Іспанію, бо, па-першае, не падвядзе надвор’е, а па-другое, пры выбары ролю адыгрывае цана. Аказваецца, што за адпачынак у Польшчы і за мяжой давядзецца выдаткаваць падобную суму.

Як вынікае з прагнозаў спецыялістаў, сярэдні тур паляка працягнецца 6-8 дзён.

Ужо цяпер турыстычныя бюро паведамляюць, што сёлета прададзена ў два разы больш тураў, чым годам раней. Найбольш папулярнымі напрамкамі замежных выездаў сярод палякаў з’яўляюцца Егіпет, Балгарыя, Турцыя, Грэцыя і Туніс. А таксама еўрапейскі поўдзень, для прыкладу, Іспанія, Партугалія і Італія, хоць у дадзеным выпадку туры атрымліваюцца даражэйшымі.

zdjęcie ilustracyjne zdjęcie ilustracyjne

У сваю чаргу калі казаць пра ўнутраны турызм, то тут сюрпрызаў няма: палякі ахвотна едуць на Балтыку, на мазурскае паазер’е (паўночна-ўсходняя Польшча), а таксама ў горы, бо летні адпачынак у гарах таксама мае шмат сваіх прыхільнікаў.

Варта заўважыць, што з году ў год расце колькасць адпачываючых у Польшчы замежнікаў, у тым ліку і беларусаў. У дадзеным выпадку першае месца займае, як можна здагадацца, польская Балтыка.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл