Надоечы ў Бельведэрскім палацы ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння ўзнагародаў «Цяпер Польшча» («Teraz Polska»). Штогадовай прэміяй узнагароджваюцца польскія тавары й паслугі, якія атрымалі прызнанне на рынку. Сёлета права карыстацца прэстыжным брэндам атрымалі чарговыя 22 польскія кампаніі.
Адным з лаўрэатаў 33-га конкурсу «Цяпер Польшча» з'яўляецца кампанія MedApp, якая распрацавала метад «CarnaLife Holo», які дазваляе атрымаць трохмерную выяву органаў пацыента да і падчас аперацыі з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і акуляраў. Старшыня кампаніі Кшыштаф Мэндраля (Krzysztof Mędrala) паясніў, што дагэтуль інавацыя польскай кампаніі выкарыстоўвалася падчас больш чым 500 аперацыяў:
- Гэта дазваляе лекарам лепш падрыхтавацца да аперацыі, запланаваць яе дэталёва і скараціць ейны час. У сваю чаргу карацейшы час аперацыі – гэта змяншэнне рызыкі пасляаперацыйных ускладненняў. Усё гэта вынік выкарыстання сучаснай тэхналогіі.
Прадукт польскай кампаніі MedApp ужо выкарыстоўваецца ў шпіталях за мяжой. Надоечы ён таксама атрымаў сертыфікат Упраўлення па кантролі якасці харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў у Злучаных Штатах Амерыкі.
Іншым лаўрэатам конкурсу з’яўляецца Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт і кампанія ADJ Nanotechnology. Згаданы дуэт распрацаваў тэхналогію біяактыўных нанакампазітных часціц з антыбактэрыйнымі і антымікробнымі ўласцівасцямі.
Генеральны дырэктар кампаніі Агнешка Ястшэмбска (Agnieszka Jastrzębska) паясняе, што інавацыя заснаваная на структуры нанасрэбра і нанамедзі і выкарыстоўваецца ў розных тыпах ахоўных пакрыццяў:
- Нашую тэхналогію можна прымяняць, як на гладкіх паверхнях, як дзвярныя ручкі, поручні, так і сітаватых паверхнях, якія паглынаюць наначасціцы – дыван, каменная стальніца на кухні.
Тэхналогія біяактыўных нанакампазітных часціц, распрацаваная польскімі навукоўцамі, цікавіць кліентаў з розных краін, у такіх галінах, як ахова здароўя, гастраномія і вытворчасць прадуктаў харчавання.
«Гэта важная ўзнагарода для аўтараў тэхналогіі», – падкрэсліў прарэктар па развіцці Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта прафесар Адам Возняк (Adam Woźniak):
- Гэта вялікі гонар для Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Мы рады, што нашыя прадукты будуць пазначаныя гэтым брэндам, які сведчыць пра іх якасць і інавацыйнасць. Буйная ВНУ, якой з’яўляецца Варшаўскі тэхналагічны ўніверсітэт, апрача навуковых даследаванняў і дыдактычнай дзейнасці павінна выконваць таксама трэцюю місію – то бок распрацоўваць інавацыі на карысць грамадства і эканомікі. Згаданыя дзеянні гэтую місію выконваюць.
Конкурс, арганізоўвае Фонд польскага рэкламнага герба. Ён праводзіцца ў трох катэгорыях: за найлепшыя прадукты, паслугі і інавацыйныя праекты. Да гэтай пары права карыстацца прэстыжным брэндам «Цяпер Польшча» атрымалі 821 пераможца.
«Ідэя конкурсу нарадзілася на пачатку 1990-х гадоў, калі польскія вытворцы былі мала канкурэнтнымі ў параўнанні з заходнімі», – нагадвае старшыня Фонду польскага рэкламнага герба Кшыштаф Пшыбыл (Krzysztof Przybył):
- Аўтары ідэі хацелі падтрымаць польскія прадукты, каб паказаць іх якасць. Для ўдзелу ў конкурсе прадукт павінен прайсці дэталёвы адборачны працэс у аўтарытэтных дзяржаўных установах і інстытутах. Калі яны адобраць прадукт, то ён можа браць удзел у конкурсе. Сярод такіх прадуктаў пераможцаў выбірае конкурснае журы.
Старшыня журы конкурсу «Цяпер Польшча» прафесар Міхал Кляйбэр (Michał Kleiber), падкрэсліў, што кожны год усё цяжэй выбраць пераможцаў, таму што кампаніі прадстаўляюць вельмі высокі ўзровень:
- Гэта выклік для журы. Зразумела, я кажу гэта з гонарам, а не прэтэнзіяй. Мы рады, што ў нас ёсць у чым выбіраць. У сувязі з развіццём тэхналогіі часам нам цяжка ацаніць кампаніі і параўнаць іх паміж сабой, каб выбраць тыя, якія павінны быць для наш прыкладам.
Кшыштаф Пшыбыл запэўнівае, што брэнд «Цяпер Польшча» папулярны сярод спажыўцоў:
- Сіла брэнду «Цяпер Польшча» вялікая. Паводле штогадовых даследаванняў, зараз нас ведае 85 працэнтаў спажыўцоў. Гэта сведчыць пра тое, што варта супрацоўнічаць з брэндам «Цяпер Польшча» – найстарэйшым рэкламным брэндам у краіне, які таксама ўзмацняе агульны прэстыж Польшчы.
Пасля трохгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, сёлета было таксама ўручанае званне «Выдатны паляк». Гэты тытул атрымалі тэнісістка Іга Свёнтэк і рэжысёр, сцэнарыст і кінарэжысёр Анджэй Кракоўскі.
IAR/аз