Беларуская Служба

Вытворцы садавіны шукаюць супрацоўнікаў у Непале, Інданезіі, краінах Афрыкі

07.06.2023 11:26
Праблема не ў тым, што людзі не хочуць прыязджаць, а ў тым, што фермеры не могуць дазволіць сабе плаціць працаўнікам адпаведныя стаўкі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Shutterstock

У Польшчы адчуваецца сур'ёзны недахоп сезонных працаўнікоў. Польскія вытворцы садавіны шукаюць супрацоўнікаў у Непале, Інданезіі ды іншых краінах Азіі, а нават у Афрыцы. Нізкія стаўкі за працу, якія пачынаюцца ад 15 злотых за гадзіну (плюс пражыванне), не дапамагаюць ім прыцягваць людзей – піша Rzeczpospolita.

«Пасля пачатку вайны ва Украіне мы адчулі велізарны недахоп працоўных рук, таму сёння стараемся прыцягнуць працаўнікоў з Грузіі, Азіі, Паўднёвай Амерыкі», – кажа Анджэй Гаёвічэк (Andrzej Gajowiczek), старшыня кампаніі, якая мае дзесяць перапрацоўчых камбінатаў. – На дадзены момант Польшча з’яўляецца лідарам у перапрацоўцы садавіны і вытворчасці птушкі. Але патрэбная велізарная колькасць рук, бо, напрыклад, у вытворчасці садавіны яшчэ няма машын для збору садавіны», – дадае ён. Калі сёння і прыязджаюць працаўнікі з Украіны, то гэта пераважна жанчыны, маладыя людзі зніклі з польскага рынку працы год таму.

Сезонныя работнікі – некваліфікаваныя і толькі на абмежаваны час – патрэбныя вытворцам мяккай садавіны, напрыклад, клубніц ці маліны, а таксама гаспадаркам, дзе патрабуецца шмат людзей для цяжкай фізічнай працы падчас збору ўраджаю. З году ў год палякі ўсё менш ахвотна прымаюць такую працу.

Большасць вытворцаў маюць кантакты з людзьмі, якія прыязджаюць да іх гадамі. Праблема не ў тым, што людзі не хочуць прыязджаць, а ў тым, што фермеры не могуць дазволіць сабе плаціць працаўнікам адпаведныя стаўкі, паколькі оптавыя цэны за садавіну невысокія. Напрыклад, апошнім часам за клубніцы оптам можна атрымаць толькі 3 злотыя.

Колькасць украінцаў, якія працуюць у Польшчы, асабліва на сезонных работах, можа зменшыцца ў бліжэйшыя гады, патрэбны людзі з іншых краін. «Мы чакаем, што зменіцца падыход ураду да супрацоўнікаў з больш далёкіх краін», – кажа Вітольд Багута, прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі груп вытворцаў садавіны і гародніны. Ён удзельнічаў у перамовах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў.

Супрацоўнікі з Непалу мусяць ехаць у Індыю па візу, бо Польшча не мае консульства ў іх краіне. «Але самае галоўнае, што ў візах шмат адмаўляюць з меркаванняў «нацыянальнай бяспекі». Са 100 запрашэнняў пускаюць толькі двух-трох чалавек», – адзначае Багута.

нг