Толькі ў сталіцах ваяводстваў, якія ў большасці выпадкаў эканамічна дамінуюць у сваіх рэгіёнах, ствараецца больш за 40% ВУП Польшчы. Вялікія гарады дзейнічаюць як магніт на людзей з так званай павятовай Польшчы (малых гарадоў і вёсак), піша партал forsa.pl. Усё паказвае на тое, што мегаполісы будуць расці за кошт насельніцтва вёсак і меншых гарыадоў надалей.
Варшава – амаль у літаральным сэнсе – пажырае рэшту Мазоўша. У горадзе, дзе (афіцыйна) пражывае траціна ўсіх жыхароў Мазавецкага ваяводства (1,86 млн з 5,5 млн), зарэгістравана амаль 55% усіх прадпрыемстваў у ваяводстве (535 тыс.). На кожных трох варшавян прыходзіцца адна актыўная кампанія. Па-за сталіцай гэтыя суадносіны складаюць 1 да 10, а ў сельскай мясцовасці і на ўсходзе Мазавецкага ваяводства – 1 да 20. Акрамя таго, у Варшаве зарэгістравана больш за 90% буйных кампаній з прыбыткам вышэйшым за сярэдні.
З усіх 1 млн 560 тыс. працаўнікоў Мазавецкага ваяводства ў прадпрымальніцкім сектары (у фірмах, дзе працуе больш за 9 чалавек, г.зн. без мікрапрадпрыемстваў), у адной толькі Варшаве 1 млн 130 тыс. працаўнікоў або больш за 72% усіх працаўладкаваных у ваяводстве.
Паводле папярэдніх ацэнак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы (GUS) адносна валавога ўнутранага прадукту (ВУП) па рэгіёнах (апошнія дадзеныя былі апублікаваны ў снежні 2022 г. і ахопліваюць 2021 г.), варшаўскі - сталічны рэгіён (г.зн. Варшава з прылеглымі муніцыпалітэтамі) - стварае ажно 17,5 % ВУП Польшчы. Гэта ў тры разы больш, чым рэшта Мазавецкага ваяводства, і амаль удвая менш, чым у прамыслова развітай, і ўдвая больш населенай (4,4 млн жыхароў) Сілезіі.
Падобнае «панаванне» метраполіі назіраецца і ў Памераніі. Праўда, у самім Гданьску зарэгістравана «толькі» 26,6% ад агульнай колькасці прадпрыемстваў у ваяводстве, але ва ўсім Труймесце (Гданьск, Сопат і Гдыня) – амаль 50%.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне таксама паведамляе, што на працягу дзесяці гадоў больш за палову ВУП Польшчы стваралася ў пяці рэгіёнах, дзе пражывае траціна жыхароў краіны: Варшава (17,5%), Сілезкае ваяводства (12%), Вялікапольскае ваяводства (9,9 %), Ніжняя Сілезіі (8 %) і Малапольшча (8,2 %). У 2021 годзе ўклад гэтай пяцёркі ў ВУП зноў павялічыўся – амаль да 56%.
эж