З 1 ліпеня падняўся ў Польшчы мінімальны заробак. Цяпер ён складае 3600 злотых брута (814,5 еўра). Гэта ўжо другое павышэнне мінімальнага заробку ў гэтым годзе – першае, на 3490 злотых, адбылося 1 студзеня.
Галоўны эканаміст з Bank Pocztowy Моніка Куртэк падкрэслівае, што падвышэнне мінімальнага заробку выгаднае з сацыяльнага пункту гледжання:
- Людзі, якія атрымліваюць мінімальны заробак, а іх каля 3 мільёнаў чалавек у Польшчы, напэўна з задавальненнем прынялі гэтае павелічэнне. Аднак ёсць і другі бок гэтага медаля – вялізарныя кошты для працадаўцаў, верагодна, гэтыя кошты паўплываюць на цэны тавараў і паслуг. На жаль, нам трэба спадзявацца, што падвышка мінімальнага заробку будзе падсцёбваць інфляцыю.
Моніка Куртэк дадала, што падвышэнне мінімальнага заробку паўплывае на многія сферы эканомікі, у тым ліку на заробак людзей, якія зарабляюць больш, чым мінімалку.
- Павелічэнне мінімальнай зарплаты выклікае пераацэнку заробкаў працаўнікоў усяго прадпрыемства, таму часта растуць не толькі мінімалкі, але і астатнія зарплаты. І зноў, гэта фактар, які павялічвае спажыванне і інфляцыю, адначасова зніжаецца канкурэнтаздольнасць эканомікі.
Мінімальны заробак у наступным годзе таксама будзе павышацца двойчы. Урад прапануе, каб з 1 студзеня ён складаў 4242 злотых брута, а з 1 ліпеня наступнага года – 4300 злотых брута (972,5 еўра).
яс