Беларуская Служба

Міністр інфраструктуры Польшчы пра АЭС: Размова ідзе пра найбольшую будаўнічую пляцоўку ў Еўропе

20.07.2023 14:49
Арганізацыя «Польскія атамныя электрастанцыі» набліжаецца да атрымання канчатковага экалагічнага рашэння на будаўніцтва электрастанцыі на Памор’і. Але ўжо падпісваюцца дамовы, звязаныя з плануемым будаўніцтвам. Вайна ў рэгіёне, энергетычны крызіс, звязаны з пастаўкамі энерганосьбітаў з Расіі падштурхнулі Еўропу перагледзець сваю энергетычную палітыку.
Аўдыё
  • Паводле планаў Польскай ядзернай энергетычнай праграмы, у Польшчы будуць будаваць АЭС магутнасцю ад 6 да 9 ГВт.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/hrui

Яшчэ два гады таму краіны Еўропы ставілі мэтаю вывад з эксплуатацыі АЭС і развіццё альтэрнатыўных крыніц энергіі. Моцным аргументам да гэтага кроку стала аварыя на АЭС у Фукусіме ў Японіі. Як змянялася энергетычная стратэгія, добра бачна на прыкладзе Германіі. Пасля аварыі на Фукусімскай АЭС тагачасны канцлер ФРГ Ангела Меркель заявіла аб прыпыненні рашэння аб падаўжэнні тэрміна эксплуатацыі атамных электрастанцый у Германіі, а пазней аб'явіла аб паэтапным закрыцці нямецкіх АЭС да канца 2022 года. Да 2010 года нямецкія АЭС выпрацоўвалі 20% усёй электраэнергіі, а аднаўляльныя крыніцы энергіі давалі 17%, але ўжо праз год іх доля вырасла да 21% (ветракі давалі 8%), доля атамнай энергіі знізілася да 15%. У Германіі былі закрытыя 14 з 17 рэактараў.

На фоне справакаванага расійскай агрэсіяй энергетычнага крызісу ў Еўрасаюзе зноў зрабілі разварот да атамнай энергетыкі. Цяпер у Еўропе працуе 57 атамных электрастанцый. Больш за ўсё ў Францыі – 18 (і будуць будаваць новыя).

Сваю праграму па ядзернай энергетыцы мае і Польшча.

Прыхільнікі атамнай энергіі апелююць, што энергія, якая вырабляецца атамнымі электрастанцыямі, зʼяўляецца чыстай з пункту гледжання эмісіі вуглякіслага газу. Таксама раней Богдан Пільх з Гандлёвай палаты энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя заявіў, што ядзерная энергетыка станоўча ўплывае на эканоміку краіны: «Атамныя электрастанцыі не зʼяўляюцца самамэтай – яны ствараюць магчымасць стымуляваць усю эканоміку, таму пры падпісанні адпаведных кантрактаў трэба ўлічваць інтарэсы польскіх прадпрымальнікаў, пастаўшчыкоў і субпадрадчыкаў. Кожны злоты, які застанецца ў Польшчы, будзе дабаўленай вартасцю для развіцця іншых галінаў і сектараў».

Увесну гэтага года ў Польшчы ў месцах, дзе разглядалі магчымасці патэнцыйнага размяшчэння АЭС, праводзілі апытанне грамадскай думкі. Больш за 56% рэспандэнтаў лічаць, што сучасныя ядзерныя тэхналогіі бяспечныя, паводле апытання Фонда «Інстытут рынкавых і сацыяльных даследаванняў» (IBRiS), праведзенага для польскага энергетычнага канцэрна PKN Orlen.

Генеральны дырэктар PKN Orlen Даніэль Абайтэк падкрэсліў, што амаль 60% рэспандэнтаў не бачаць праблемы ў тым, каб невялікі рэактар быў размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад іх дома. «Гэта вельмі добры вынік. Польскае грамадства хоча таннейшую энергію, таннейшае цяпло. Пры вытворчасці энергіі пабочным прадуктам зʼяўляецца цеплавая энергія, што, безумоўна, можа зменшыць яго цану ў гарадах, што вельмі важна для нас», – заявіў гендырэктар Orlen.

Марцін Дума, старшыня IBRiS, сказаў, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ядзерная энергетыка паднялася ў рэйтынгу. Ён дадаў, што большасць палякаў успрымаюць ядзерную энергію як бяспечную. Аб гэтым заявілі амаль 60% апытаных.

У Варшаве, у сядзібе Міністэрства фондаў развіцця і рэгіянальнай палітыкі, было падпісанае пагадненне з Марскім ведамствам у Гдыні на будаўніцтва марской канструкцыі, якая будзе выкарыстоўвацца для транспарціроўкі элементаў энергаўстаноўкі.

Прэсавы сакратар ураду Пётр Мюлер, які прысутнічаў падчас падпісання кантракту, сказаў, што дзякуючы гэтай інвестыцыі і будаўніцтву самой электрастанцыі Памор’е зазнае радыкальныя змены:

– Гэта перамена, якая дазволіць стварыць на Памор’і лепшыя месцы працы. Паморскае ваяводства стане энергетычным сэрцам Польшчы. Жыхары Памор’я стануць бенефіцыярамі гэтага факту. І ў сферы энергетыкі ядзернай, і энергетыкі аднаўляльнай Памор’е будзе гарантаваць энергетычную бяспеку цэлай краіны.

У сваю чаргу міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык зазначыў, што будаўніцтва марской канструкцыі зʼяўляецца часткай больш маштабнага плана, які прадугледжвае захаванне ў Польшчы «велізарнай па інфраструктуры будоўлі»:

– Асяроддзе працадаўцаў, арганізацый выканаўчых і вытворчых, якія канцэнтруюцца на інвестыцыях, пастаянна заклікаюць утрымліваць узровень інвестыцый у Польшчы, каб краіна і надалей была вялікай будаўнічай пляцоўкай. Гаворым пра інвестыцыі інфраструктурныя, гаворым пра найбольшую будаўнічую пляцоўку ў Еўропе. І гэта выразны сігнал да будаўнічай галіны.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка арганізацыі «Польскія атамныя электрастанцыі» Лукаш Млынаркевіч падкрэсліў, што ў апошнія некалькі месяцаў назіраецца відавочнае паскарэнне будаўніцтва першай польскай АЭС.

– Мы кожны раз бліжэй да рашэнняў, якія тычацца асяроддзя. Гэта значыць, крок за крокам набліжаемся да гістарычнага моманту – пачатку будаўніцтва першай АЭС у Польшчы. У чэрвені была прынятая праграма, дзякуючы якой будзе створаная неабходная для АЭС інфраструктура – дарогі, чыгуначнае злучэнне, а таксама неабходная для разгрузкі габарытных элементаў марская канструкцыя, – адзначыў Млынаркевіч.

Польскі ўрад выдзеліць больш за 4 мільярды злотых на інвестыцыі ў інфраструктуру, якая суправаджае будаўніцтва АЭС. Большая частка сродкаў пойдзе на рэалізацыю чыгуначных праектаў. Адзін мільярд злотых будзе накіраваны на будаўніцтва новай дарогі ад трасы S6 да пляцоўкі АЭС у гміне Хочава. Яшчэ 900 мільёнаў злотых пойдуць на будаўніцтва інфраструктуры ў моры.

Будаўніцтва першай АЭС плануецца пачаць у 2026 годзе, а завяршыць – у 2033 годзе. Паводле планаў Польскай ядзернай энергетычнай праграмы, у Польшчы будуць будаваць АЭС магутнасцю ад 6 да 9 ГВт.

вх