Цэны і запаўняльнасць гатэляў у гарадах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы вышэйшыя, чым да пандэміі, паведамляе штодзёнка Puls Biznesu. Выданне адзначае, што эксперты вылучаюць Польшчу, як найбуйнейшы гасцінічны рынак у рэгіёне.
Паводле справаздачы Hospitality Operator Beat, падрыхтаванай кампаніяй Cushman & Wakefield, на якую спасылаецца газета, на думку міжнародных і мясцовых гасцінічных аператараў, Польшча з'яўляецца найбольш прывабным гасцінічным рынкам у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта, між іншым, вынік памеру згаданага рынку.
Першыя месцы ў рэйтынгу займаюць: Будапешт (4,3 бала з 5 магчымых), Прага (4,2) і Варшава (4,0). Чацвёртае месца займаюць: Кракаў (3,5) і Бухарэст (3,5).
Паводле дадзеных STR, Польшча займае другое месца сярод шасці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, то бок Балгарыі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, па вяртанні паказчыка даходу за даступны нумар (англ. Revenue per Available Room, RevPAR) да ўзроўню, які фіксаваўся да ўспышкі пандэміі COVID-19. Паказчык паказвае сярэднюю выручку з нумара, якая павялічваецца з ростам коштаў і запаўняльнасцю.
Паводле выдання Puls Biznesu, у першым паўгоддзі 2023 года для гатэляў, якія працуюць на польскім рынку, згаданы паказчык вырас на 23 працэнты ў параўнанні з першым паўгоддзем 2019 года. Гэта адбылося галоўным чынам з-за росту сярэдняй цаны на 29 працэнтаў, нават калі запаўняльнасць гатэляў засталася на 5 працэнтаў ніжэйшай, чым у першым паўгоддзі 2019 года.
аз