Беларуская Служба

Анастасія Лузгіна, экспертка BEROC: «Пытанні санкцыйнага ціску закранаюць не толькі гандаль, але і фінансавую сферу»

29.08.2023 17:15
Мяккія манетарныя ўмовы становяцца пагрозай для грашовай і фінансавай стабільнасці Беларусі. Беларускі рубель усё больш прывязваецца да расійскага рубля. Гэта, у тым ліку, і вынік санкцыйных абмежаванняў.
Аўдыё
 ,  BEROC:       ,
Анастасія Лузгіна, экспертка BEROC: «Пытанні санкцыйнага ціску закранаюць не толькі гандаль, але і фінансавую сферу»Фота: BEROC

Працэнтныя стаўкі крэдытна-дэпазітнага рынку заставаліся ў другім квартале значна ніжэйшымі за нейтральныя ўзроўні з прычыны правядзення Нацбанкам экспансіянісцкай грашова-крэдытнай палітыкі. Манетарнае стымуляванне прывяло да фарміравання станоўчага разрыву выпуску ў II квартале 2023 г. Праінфляцыйны ціск унутранага попыту ўзмацніўся, а яго перанос у цэны стрымліваўся татальным цэнавым кантролем. Працяглае спалучэнне цэнавага кантролю і празмерна мяккай грашова-крэдытнай палітыкі будзе весці да назапашвання інфляцыйнага навеса.

Эксперт даследчыцкага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна распавяла пра змены ў гандлі на беларускай валютна-фондавай біржы. У прыватнасці, з валютнага кошыка прыбралі еўра, гандлю на біржы па ім амаль няма. Еўра замяніў кітайскі юань. Пры гэтым аб’емы гандлю расійскім рублём за год выраслі з долі ў 35 % да 55 %, а гандаль доларам ЗША скараціўся. Такім чынам у валютным кошыку беларускага рубля цяпер долар, расійскі рубель, юань.

Анастасія Лузгіна гаворыць, што гэта адлюстроўвае структуру таго, з кім Беларусь цяпер мае шчыльныя эканамічныя адносіны.

Дарэчы, у Расіі гандаль юанем на валютна-фондавай біржы перавысіў 40 % ад агульнага аб’ёму гандлю валютамі.

З-за вялікай звязанасці беларускай і расійскай эканомік курс беларускага рубля моцна залежыць ад дынамікі курсу расійскага рубля, гэтыя ж сувязі ствараюць пэўныя рызыкі і залежнасці. Апошнім часам назіралася паступовае ўмацаванне беларускага рубля ў адносінах да расійскай валюты. Эксперт патлумачыла, што прычыны, якія стымулявалі зніжэнне курса расійскага рубля, гэта найперш пагаршэнне сальда гандлёвага балансу. Сітуацыя пагаршаецца тым, што ёсць абмежаванні па разлікам. Цяпер ідуць перамовы ў Расіі на тэму таго, як рабіць разлікі ў індыйскіх рупіях, бо ёсць эканамічныя адносіны з Індыяй, але гэта неканвертуемая валюта, і ёсць праблемы, як атрымліваць грошы. «Пытанні санкцыйнага ціску закранаюць не толькі гандаль, але і фінансавую сферу. Адна справа прадаць тавар, а іншая – атрымаць за яго канвертуемую валюту», – падкрэслівае Лузгіна. Агулам дынаміка беларускага і расійскага рубля вельмі падобныя.

Анастасія Лузгіна таксама адзначыла, што назіраецца аслабленне беларускага рубля да польскага злотага. А гэта, да прыкладу, робіць не такімі прывабнымі папулярныя сярод беларусаў пакупкі ў Польшчы.

Актуальнае пытанне для жыхароў Беларусі: як захоўваць свае накапленні. Эканамістка раіць «не трымаць яйкі ў адным кошыку», то бок захоўваць зберадэнні ў розных валютах. А таксама ўзважваць рызыкі захавання ўласных грошай на дэпазітах банкаў.

Таксама экспертка звяртае ўвагу на тое, што падыходы ў рэгуляванні беларускай эканомікі выклікаюць пытанні:

«Гэта, безумоўна, цягне за сабою ўнутраныя беларускі рызыкі: раскручванне інфляцыйных і ўслед за імі дэвальвацыйных працэсаў. Бо калі мы стрымліваем некаторы перыяд інфляцыю, ствараецца інфляцыйны навес. Калі мы трымаем курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, то расце яго курс. Цяпер Цэнтральны банк гэтага не робіць, але ў нас не раз былі перыяды, калі Цэнтральны банк гэта рабіў, курс некаторы час стаяў на месцы, а потым усё адно адбывалася яго карэкцыя. Эканоміка такім чынам рана ці позна ўваходзіць ва ўзважаны стан. Узважаны стан надыходзіць у выніку карэкціроўкі цэн, карэкціроўкі курса – інфляцыі і дэвальвацыі».

Агулам для чыноўнікаў, якія кіруюць працэсамі ў беларускай эканоміцы на гэты год ёсць звышзадача – нарасціць ВУП на 3,8 % па выніках года, на гэта цяпер усё скіравана ў палітыцы дзяржавы. Меркавалася, што асноўным фактарам росту будуць інвестыцыі, аднак план па прыцягненню інвестыцый пакуль не выконваецца. А дынаміка ВУП забяспечваецца за кошт спажывецкай актыўнасці, якая апярэджвае прагнозныя паказчыкі, за кошт нарошчвання бюджэтных расходаў у тыя ж інвестыцыйныя праекты. У выніку гэта стварае рызыкі перагрэву эканомікі і раскручвання працэсаў інфляцыі і дэвальвацыі.

вх