У Партугаліі назіраецца сур'ёзны кватэрны крызіс, паведамляе Gazeta Wyborcza. Урад у Лісабоне выдае так званыя «залатыя візы» багатым іншаземцам узамен за інвеставанне ў партугальскую эканоміку. У часы эпідэміі каранавіруса партугальскі ўрад такім чынам хацеў ратаваць эканоміку краіны, але аказалася, што гэта стала прычынай сур’ёзнага крызісу на рынку жылля.
Мінімальны заробак у Партугаліі складае 760 еўра, а сярэдні кошт арэнды жылля – 800 еўра. Як бачна, нямногія партугальцы ў стане зняць кватэру.
За крызіс у вялікай ступені адказныя расіяне. Урад у Лісабоне некалькі гадоў таму пачаў выдаваць льготныя візы іншаземцам узамен за інвестыцыі ў партугальскую эканоміку альбо набыццё нерухомасці ў краіне па цане мінімум 500 тыс. еўра. Новаўвядзеннем пачалі масава карыстацца багатыя грамадзяне Расіі.
Сацыял-дэмакратычны ўрад пад кіраўніцтвам Антоніу да Кошты паведаміў, што вырашэнне жыллёвага крызісу – гэта найважнейшы прыярытэт у дадзены момант. Аднак партугальцы не вераць палітыкам і на 30 верасня ў Лісабоне запланаваная масавая маніфестацыя пратэсту, мэта якой – прымусіць кіраўніцтва краіны як мага хутчэй вырашыць паталагічную сітуацыю на рынку нерухомасці.
Калі зірнуць на прапановы ў Лісабоне, то сярэдні кошт арэнды аднаго пакою складае 450 еўра, а кватэры – 800 еўра. Пры гэтым, што палова насельніцтва Партугаліі зарабляе каля 1 тыс. еўра ў месяц. Сярэдняя цана пакупкі кватэры ў партугальскай сталіцы складае больш за 600 тыс. еўра. Гэта на 21% больш, чым чатыры гады таму. За апошнія пяць гадоў заробкі партугальцаў выраслі на 12%, а кошты жыцця – на 63%. Больш за тое, цягам некалькіх гадоў выплаты на іпатэчных крэдытах павялічыліся на 60%.
Акрамя расіян, да крызісу на рынку нерухомасці ў Партугаліі таксама прычыніліся багатыя кітайцы, амерыканцы і бразільцы.
вс
здымак: панарама Лісабона