Gazeta Wyborcza піша, што сярэдняя цана аднаго квадратнага метра кватэры на першасным рынку ў Варшаве ўпершыню перавысіла псіхалагічную планку ў 15 тыс злотых ($3500). У жніўні яна склала 15,6 тыс за метр.
Ёсць некалькі прычын, чаму кватэры ў польскай сталіцы так хутка даражэюць. Па-першае, вельмі высокая інфляцыя. Людзі, у каго ёсць ашчаднасці, ахвотней укладваюць іх у нерухомасць, паколькі грошы на тэрміновым укладах хутка страчваюць сваю вартасць. Па-другое, прадаўцы падымаюць цэны ў адказ на высокі попыт, яны ведаюць, што ў выніку інфляцыі кошты будаўніцтва кватэр таксама хутка растуць. Акрамя таго, на рынку, дзякуючы ўрадавай праграме, паявілася даволі шмат кліентаў, якія імкнуцца купіць кватэры пры дапамозе таннага 2-працэнтнага крэдыту. Эксперты адзначаюць, што лепш імкнуцца развіваць рынак адносна недарагіх кватэр пад арэнду, а не даваць людзям крэдыты пад нізкі працэнт.
Эксперты звяртаюць увагу таксама на тое, што будаўнікі цяпер значна менш будуюць, чым раней. У Варшаве ўсё цяжэй купіць зямлю пад адносна недарагое будаўніцтва ў папулярным сегменце, гэта значыць, каб кватэры ў збудаваным доме каштавалі менш чым 15 тыс злотых за адзін метр. Адпаведна, пры высокім попыце цэны нерухомасці далей будуць расці – падсумоўваюць спецыялісты.
нг