Беларуская Служба

41 працэнт італьянцаў сёлета не бралі адпачынак па фінансавым прычынам

14.09.2023 11:01
Гэты курортны сезон павінен быў стаць рэкордным для італьянскага турызму – так прагназавалі ў даследчым цэнтры Demoskopika. Але ў канцы сезону гаспадары гасцініц расчараваныя і сцвярджаюць, што лета выдалася горш, чым яны чакалі.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Darek Delmanowicz

У сваёй апошняй справаздачы Асацыяцыя італьянскіх гатэляў (Federalberghi) заяўляе, што са студзеня па чэрвень гасцей было прыкладна на 3 працэнты менш, чым год таму. Летнія месяцы таксама не здзівілі пазітыўна, піша турыстычны партал Tourism Review. З аднаго боку, стала больш замежных гасцей, на шыкоўныя курорты прыязджаюць багатыя амерыканцы і кітайцы, але не хапае ўнутраных падарожнікаў.

41 працэнт італьянцаў вырашылі, што сёлета не паедуць у адпачынак – ні за мяжу, ні ў сваёй краіне. Прычына ў асноўным у фінансавых праблемах, тлумачыць прэзідэнт Federalberghi Бернабо Бока.

Паказчыкі за жнівень, як правіла, самы папулярны месяц адпачынку ў Італіі, былі на здзіўленне нізкімі. Гэта датычыцца розных папулярных турыстычных рэгіёнаў, такіх як узбярэжжа Лігурыі, Таскана, а таксама Рыміні, Абруца і нават Апуліі.

Прычына ў тым ліку ў высокіх выдатках на карыстанне пляжамі. Мясцовыя аператары па пракаце шэзлонгаў і парасонаў не дазваляюць гасцям браць з сабой ежу, што прымушае іх купляць дарагія стравы на месцы. Некамерцыйная арганізацыя Cdacons нават абвясціла, што мае намер падаць у суд па гэтай справе. Індустрыя зацікаўлена зарабіць на адным турысце, а не на абслугоўванні многіх. Нягледзячы на ​​тое, што інфляцыя ў краіне сёлета крыху больш за 6 працэнтаў, турыстычныя паслугі падаражэлі значна больш.

Для італьянцаў адпачыць за мяжой можна танней, чым на радзіме. Сёлета шмат людзей паехала, напрыклад, у Албанію.

rp.pl / вх