Буйное радовішча літыю было знойдзенае ў супервулкане ў ЗША. Знаходка можа стаць прарывам не толькі ў эканоміцы, але і ў вялікай палітыцы, канстатуе gazeta.pl.
Літый быў знойдзены ў кратары даўно патухлага супервулкана МакДэрміт (McDermitt), на мяжы амерыканскіх штатаў Невада і Арэгон. Рэсурсы згаданага радовішча ацэньваюцца ў 20-40 мільёнаў тон. Калі іх памер сапраўды будзе пацверджаны, то яны могуць стаць найбуйнейшымі ў свеце.
Пакуль першае месца ў гэтым плане займае Балівія, дзе пад высахлым салёным возерам знаходзяцца велізарныя рэсурсы літыю – крыху больш за 10 мільёнаў тон. Усе рэсурсы Балівіі ацэньваюцца Геалагічнай службай ЗША ў 21 мільён тон. Такім чынам, нядаўна адкрытыя радовішчы літыю ў Злучаных Штатах Амерыкі могуць быць удвая большыя.
Інфармацыя, прадстаўленая амерыканцамі, можа быць вырашальнай для эканомікі і не толькі. Літый – гэта метал, які выкарыстоўваецца для захоўвання энергіі і ў вытворчасці батарэй і акумулятараў, у тым ліку для электрамабіляў. То бок літый неабходны ў правядзенні энергетычнай трансфармацыі. Таксама літый часта выкарыстоўваецца для вытворчасці смартфонаў, ноўтбукаў, а таксама ў авіяцыйнай і фармацэўтычнай прамысловасці.
Таму попыт на літый расце і назіраецца своеасаблівая гонка па пошуку яго радовішчаў.
Эксперты звяртаюць увагу, што літый, апрача эканамічнага, мае таксама важнае палітычнае значэнне – успрымаецца, як адзін з гэтак званых крытычных відаў сыравіны, важных для такіх стратэгічных сектараў эканомікі, як новыя тэхналогіі і энергетычная трансфармацыя.
аз