Беларуская Служба

Польшча спрабуе адабраць у Германіі тытул прамысловага цэнтра Еўропы

12.10.2023 09:45
Польшча можа быць адзінай краінай у Еўропе, у якой прамысловая вытворчасць вярнулася да перадпандэмічнага ўзроўню.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паколькі нямецкая эканоміка перажывае праблемы, Польшча, якая дынамічна развіваецца, хоча адабраць у Германіі тытул прамысловага цэнтра Еўропы, піша брытанская штодзёнка Daily Telegraph.

Выданне спасылаецца на дадзеныя Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), паводле якіх прамысловая вытворчасць на душу насельніцтва ў Польшчы за апошняе дзесяцігоддзе вырасла на 85 працэнтаў (да 43 113 долараў ЗША), у той час як у Германіі за той жа перыяд рост склаў толькі 46 працэнтаў, а ва ўсім Еўрасаюзе ў сярэднім 55 працэнтаў.

Акрамя таго, за дзесяць апошніх гадоў доля прамысловасці ў нямецкім ВУП знізілася з 20,3 працэнтаў да 18,5 працэнта ў 2022 годзе. За гэты час у Польшчы яна павялічыўся з 16,7 да 17,7 працэнта.

«За апошнія некалькі гадоў Польшча дасягнула буйнога поспеху. Не толькі прамысловы сектар, але і ўся эканоміка спраўляецца асабліва добра. Польшча можа быць адзінай краінай у Еўропе – магчыма, ва ўсім свеце – дзе прамысловая вытворчасць не толькі перавысіла ўзровень да пандэміі, але і фактычна вярнулася да ранейшай тэндэнцыі. Апошнія тры гады з пандэміяй COVID-19, энергетычным крызісам і г.д. не паўплывалi на польскую прамысловасць. І гэта надзвычайна справа», – кажа старэйшы эканаміст Oxford Economics Томас Дворак.

Прычыны ўстойлівасці польскай эканомікі ўключаюць у сябе: спрыяльную дзяржаўную палітыку, устойлівыя структурныя фактары, такія як нізкія заробкі і танная зямля, а таксама рост тэндэнцыі «near-shoringu», паводле якой заходнія кампаніі перамяшчаюць ланцужкі паставак з такіх краін, як Кітай бліжэй да сваёй дзяржавы.

Брытанская штодзёнка звяртае ўвагу на тое, што пасля падзення камунізму прамысловасць была ключавым элементам эканамічнага росту ў Польшчы. Хоць з-пад савецкага панавання польская прамысловасць выйшла з вялікай і састарэлай базай, то ейная кваліфікаваная рабочая сіла зрабіла яе прывабным месцам для многіх галін, асабліва з-за адносна нізкіх коштаў працы.

Паводле звестак Федэральнага статыстычнага ведамства Германіі, у 2021 годзе сярэдні кошт гадзіны працы ў польскай апрацоўчай прамысловасці складаў 12,33 долара ЗША, а ў Германіі – 49,56 долара ЗША.

Як адзначае Daily Telegraph, на дадзены момант безумоўным лідарам прамысловай вытворчасці ў Еўрасаюзе застаецца Германія з доляй 26 працэнтаў. У Польшчы згаданая доля складае 6 працэнтаў, але гэтая розніца паступова змяншаецца.

аз