Польскія СМІ паведамляюць, што за апошнія тры гады Польшча прыцягнула амаль два мільёны новых працоўных з-за межаў ЕЗ.Паводле звестак Еўрастата, у 2020 годзе Польшча выдала 600 тысяч працоўных віз. Для параўнання: за гэты перыяд ва ўсіх краінах ЕЗ было выдадзена 2,2 мільёна працоўных віз для замежнікаў, праз год – больш за 790 тысяч (у Германіі – больш за 18 тысяч, у Чэхіі – 41 тысяча, у Італіі – 50 тысяч).
У выніку вайны Расіі супраць Украіны большасць працоўных прыехала ў Польшчу з Украіны і Беларусі, а таксама Турцыі (25 тыс.), Узбекістана (33 тыс.) і Індыі (41 тыс.).
Летась Польшча таксама запрашала працаўнікоў з Афганістану (152 запрашэння) і нават з Расіі (2330), хоць Польшча не выдае грамадзянам РФ турыстычных і шэнгенскіх віз з-за вайны ва Украіне.
У канцы снежня 2022 года доля замежнікаў у агульнай колькасці працуючых у Польшчы складала 6,5%. За студзень-снежань 2022 года колькасць замежнікаў у гэтай групе павялічылася на 27,3%.
Дадзеныя ZUS (Фонд сацыяльнага страхавання) таксама сведчаць аб тым, што працадаўцы робяць акцэнт на прыцягненні людзей з геаграфічна блізкіх краін. Напрыклд, у чэрвені сацыяльныя ўзносы плацілі 122 тыс. грамадзян Беларусі.
На жаль, у Польшчы дагэтуль здараюцца выпадкі нелегальнага працаўладкавання замежнікаў, што пазбаўляе парцаўнікоў сацыяльных гарантый. Напрыклад, надоечы памежная служба правярала законнасць працаўладкавання замежнікаў у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Са студзеня па канец верасня было праверана больш за тры тысячы замежнікаў. Паводле маёра Вармінска-Мазурскай аддзелу памежнай варты Міраславы Александровіч, больш за 300 чалавек працавалі з парушэннем заканадаўства:
-Найбольшую колькасць нелегальных работнікаў складаюць грамадзяне Украіны. Іх больш за 54%. На другім месцы грузіны – 16%. За імі беларусы – 14%. За аналізаваны намі перыяд больш за ўсё парушэнняў было ў Ольштынскім павеце.
Уладальнікі кампаніі наймалі работнікаў з-за мяжы без дазволу і на ўмовах, адрозных ад названых у дазволе. Некаторыя з іх працавалі без кантрактаў. Найбольшая колькасць іншаземцаў нелегальна працавала ў будаўніцтве, сферы паслуг, турызме, грамадскім харчаванні, транспарце і на вытворчасці.
Суды Вармінска-Мазурскага ваяводства наклалі на працадаўцаў штрафы ў памеры амаль 125 тысяч злотых.
Занятасць у эканоміцы
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у 2022 годзе сярэдняя занятасць у польскай эканоміцы склала 11 мільёнаў штатных працоўных месцаў. У параўнанні з мінулым годам гэта на 1,5% больш.
У параўнанні з 2021 годам сярэдняя занятасць павялічылася ў большасці сфер, прычым найбольшы прырост адбыўся ў катэгорыях «інфармацыя і сувязь» і «паслугі і харчаванне». Зніжэнне сярэдняй занятасці зафіксавана ў трох галінах, з якіх найбольшае ў сельскай і лясной гаспадарках, а таксама ў паляванні і рыбалоўстве.
Больш за тое, дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы сведчаць аб тым, што сярэднямесячны заробак перад адлічэннем падатку (брута) у Польшчы ў 2022 годзе склаў 6362,90 злотых (каля 1400 еўра). У параўнанні з 2021 годам заробак павялічыўся намінальна на 12%.
Мінімальны заробак
«У 2022 годзе мінімальны заробак брута павялічыўся на 210,00 злотых у параўнанні з 2021 годам і склаў 3010,00 злотых (каля 675 еўра). Пасля павышэння ён склаў 47,8% сярэднямесячнага заробку брута эканоміцы без уліку выплаты гадавых прэмій», – гаворыцца ў дакладзе Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы.
Міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марлена Малонг раней абвяшчала аб працу росту мінімальнай заработнай платы ў Польшчы ў будучым годзе:
-Мінімальная зарплата ў наступным годзе, гэта значыць з 1 студзеня 2024 года будзе складаць 4 тысячы 242 злотых (914 еўра), а з 1 ліпеня – 4 тысячы 300 злотых. У бюджэце таксама гарантаваная пагадзінная стаўка: з 1 студзеня – 27 злотых 70 грошаў (каля 6 еўра), а з 1 ліпеня – 28 злотых 10 грошаў.
Застаецца дадаць, што на канец траўня 2023 года колькасць занятых у народнай гаспадарцы склала 15 млн 129,6 тыс. чалавек. Колькасць работнікаў на канец красавіка склала 15 млн 148,5 тыс. чалавек, а сярэдні ўзрост працаўніка ў Польшчы склаў 42,6 года.
Паводле стану на 31 траўня 2023 года больш за ўсё – 2 млн 813,1 тыс. занятыя ў народнай гаспадарцы былі сканцэнтраваны ў прамысловай перапрацоўцы, гэта значыць 18,6% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва Польшчы.
pr/ez