Польшча выдала больш за 90 тысяч візаў для IT-спецыялістаў з-за ўсходняй мяжы, аднак прыехала толькі сёмая частка запрошаных. Ніхто не ведае, што адбываецца з астатнімі, піша Ізабэля Каспжак у газеце «Rzeczpospolita».
«Спецыяльна для людзей, якія разважаюць пра пераезд у Польшчу, мы прадстаўляем праграму «Poland. Business Harbour». Мы забяспечваем хуткі візавы шлях для спецыялістаў ІТ-сектара і членаў іх сем'яў, а таксама ўладальнікаў і супрацоўнікаў малых, сярэдніх і буйных кампаній» – так урад рэкламуе праграму «Poland. Business Harbour», якая была запушчана для беларусаў у верасні 2020 года.
Праз год праграма была пашырана на Украіну, Грузію, Малдову, Арменію і Расію. Але, як даведалася «Rzeczpospolita», спецыяльныя візы ад пачатку выдаваліся грамадзянам некалькіх дзясяткаў краінаў па-за гэтым спісам – у тым ліку: Індыя, Іран, Карэя, Японія, Азербайджан.
Колькі віз «PBH» выдала МЗС Польшчы?
Цягам трох гадоў МЗС Польшчы выдала 93 512 візаў «PBH». Найбольшая колькасць – 88 529 – для грамадзян Беларусі, але таксама 1 471 для ўкраінцаў і 2 524 візы для расіян, у тым ліку таксама пасля пачатку вайны ва Украіне.
Што здарылася з 80 тысячамі замежнікаў?
Паводле звестак, атрыманых выданнем «Rzeczpospolita» з Галоўнай управы памежнай аховы, з 2020 года ў Польшчу па візах «PBH» мяжу перасеклі толькі каля 13,5 тысяч іншаземцаў, гэта значыць кожны сёмы, які атрымаў спецыяльную польскую візу. Памежная служба адзначае, што гэта нацыянальная віза, таму яе ўладальнік можа працаваць толькі ў Польшчы.
Прэс-сакратар Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю PAIH, якое курыруе праграму, падкрэслівае, што агенцтва «не валодае дадзенымі аб людзях, якія знаходзяцца ў нашай краіне на падставе візы«PBH», хоць «усяго праз PAIH з пачатку дзеяння праграмы кампаніі зарэгістравалі на пераезд больш за 83 тысячы чалавек».
У Польшчы ІТ-спецыяліст добрага класа зарабляе ад 15 000 да 25 000 злотых (3400-5600 еўра), лепшыя – нават у некалькі разоў больш. Такія ж заробкі атрымліваюць і спецыялісты з Беларусі, Украіны і Расіі.
яс