Gazeta Wyborcza ў тыднёвым варшаўскім дадатку друкуе вялікі артыкул пра тое, як жывецца ў польскай сталіцы. Аказваецца, што ў Варшаве сярэднія заробкі ўжо не самыя высокія ў Польшчы. Больш зарабляюць жыхары Кракава.
Аўтар піша, што цягам бліжэйшых гадоў у Варшаве будзе назірацца «лонданізацыя». Гэта значыць, польская сталіца, таксама, як брытанская, будзе ўсё больш прывабным месцам для жыцця і працы для людзей з-за мяжы, але будзе страчваць сваю прывабнасць у вачах польскіх працаўнікоў.
Справа ў тым, што цяпер лепш зарабляюць ужо не ў Варшаве, а ў Кракаве – у сярэднім 9648,37 злотых у месяц брута, у Варшаве – 8838,48 злотых у месяц. Так сталася дзякуючы ў вялікай ступені магчымасці працаваць дыстанцыйна. Таму, можна зарабляць у сталіцы, а жыць у іншым месцы, асабліва гэта датычыць супрацоўнікаў ІТ-галіны. Акрамя таго, у Варшаве шырокі рынак паслугаў, дзе заробкі адносна невысокія. Вакол сталіцы шмат гарадкоў-спадарожнікаў, дзе вялікая колькасць танных гатэляў для фізічных работнікаў, скажам, будаўнікоў, якія прыязджаюць з-за мяжы. Вакол Кракава ці Гданьска няма такой магчымасці знайсці таннае жыллё. Парадаксальна, на будоўлі ў іншых гарадах, чым Варшава, можна зарабіць больш, чым у сталіцы, паколькі сюды прыязджаюць мігранты. Напрыклад, зваршчык з Індыі згодзіцца працаваць ужо за 30 злотых за гадзіну, калі паляк патрабуе мінімум 50 злотых за гадзіну.
Замежнікі ахвотней застаюцца ў сталіцы таксама таму, што тут ім прасцей утрымліваць кантакты са сваімі суайчыннікамі, паколькі ёсць вялікія нацыянальныя дыяспары. Акрамя таго, у сталіцы прасцей знайсці працу, чым у іншых месцах, хаця часам за меншыя грошы.
нг