Беларуская Служба

Варшаўскі аэрапорт – самы пунктуальны ў Еўропе

15.11.2023 17:36
Найбольш папулярнымі напрамкамі палётаў з варшаўскага аэрапорту імя Шапэна з'яўляюцца Лондан, Парыж, Анталья, Амстэрдам, Франкфурт-на-Майне і Дубай.
Міжнародны варшаўскі аэрапорт імя Шапэнаshutterstock.com/Novikov Aleksey

Згодна з інфармацыяй, апублікаванай брытанскай кампаніяй OAG, Міжнародны варшаўскі аэрапорт імя Шапэна ў кастрычніку стаў самым пунктуальным у Еўропе. Сярод аэрапортаў свету варшаўскі заняў 6-е месца ў рэйтынгу пунктуальнасці, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

У сваіх аналізах OAG улічвае час вылету самалёта, а Еўрапейская арганізацыя па бяспецы паветранай навігацыі «Еўракантроль» – пунктуальнасць вылету і прыбыцця самалёта. Час прызямлення самалёта залежыць перш за ўсё ад аэрапорту вылету, а не прыбыцця, але, нягледзячы на гэта, нават паводле дадзеных «Еўракантролю» варшаўскі аэрапорт імя Шапэна заняў трэцяе месца па пунктуальнасці пасля паветраных варотаў Хельсінкі і Афінаў.

«Нягледзячы на абмежаваныя магчымасці трафіку і тысячы пасажыраў, якія штодня карыстаюцца нашым аэрапортам, самалёты з Варшавы вылятаюць па раскладзе, што ставіць нас у лік лідараў па пунктуальнасці не толькі ў еўрапейскім, але і ў сусветным маштабе», – паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага прадпрыемства «Польскія аэрапорты».

У паведамленні таксама гаворыцца, што са студзеня бягучага года аэрапорт імя Шапэна абслужыў 15 млн 740 тыс. 807 пасажыраў. У параўнанні з 2019 годам трафік аднавіўся на 98%. 2019 год у гісторыі варшаўскай паветранай гавані быў рэкордным па пасажырапатоку.

У кастрычніку ў аэрапорце імя Шапэна было абслужана 1 млн 655 тыс. пасажыраў. Рэкордным днём стаў 1 кастрычніка: тады паслугамі аэрапорту скарысталася больш за 65 тыс. чалавек.

Найбольш папулярнымі напрамкамі палётаў з варшаўскага аэрапорту імя Шапэна з'яўляюцца Лондан, Парыж, Анталья, Амстэрдам, Франкфурт-на-Майне і Дубай. У кастрычніку найбольшая колькасць пасажыраў адправілася рэйсамі ў Іспанію, Германію, Турцыю, Вялікабрытанію і Італію.

вс