Беларуская Служба

У Польшчы фінансаванне па праграме 500+ можна таксама атрымаць на сабаку альбо ката

18.11.2023 06:01
Каб атрымаць фінансаванне, трэба быць гаспадаром жывёлы, пражываць на тэрыторыі гміны, якая ўдзельнічае ў праграме, і падаць заяўку ва ўпраўленне гміны альбо мэрыю горада.
Хатнія гадаванцыChendongshan/Shutterstock

У Польшчы ўладальнікі хатніх жывёл, а менавіта сабак і катоў, могуць падаць заяўку на фінансаванне асноўных ветэрынарных працэдур для сваіх гадаванцаў. Для гэтага трэба пацвердзіць наяўнасць ката або сабакі, сабраць неабходныя дакументы і падаць заяву, паведамляе Gazeta Wyborcza.

«500+ на сабаку і ката» – гэта праграма датацый да ветэрынарных працэдур для сабак і катоў, якую рэалізуюць мясцовыя ўлады ва ўсёй Польшчы. Асноўная мэта праграмы – барацьба з бяздомнасцю жывёл і паляпшэнне ўмоў іх утрымання. Дапамога аднаразовая і можа быць аказаная не больш чым на двух сабак або катоў.

Даплата распаўсюджваецца на такія ветэрынарныя паслугі, як стэрылізацыя або кастрацыя, а таксама чыпіраванне гадаванца. Кошт такіх працэдур у Польшчы вагаецца ад 100 да 500 злотых. У сувязі з гэтым сума дафінансавання па праграме «500+ на сабаку і ката» складае максімальна 500 злотых.

Каб атрымаць фінансаванне, трэба быць гаспадаром жывёлы, пражываць на тэрыторыі гміны, якая ўдзельнічае ў праграме, і падаць заяўку ва ўпраўленне гміны альбо мэрыю горада.

Да заяўкі неабходна прыкласці дакумент, які пацвярджае асобу гаспадара і адрас, а таксама дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на сабаку або ката ды рахунак або квітанцыю на ветэрынарныя паслугі.

Заяўку можна падаць у любы час дзеяння праграмы. Заявы разглядаюцца на працягу 30 дзён з моманту іх паступлення. У выпадку пазітыўнага разгляду сродкі будуць пераведзеныя на банкаўскі рахунак гаспадара жывёлы.

У Варшаве і Кракаве праграма «500+ на сабаку і ката» дзейнічае да 31 снежня 2023 года, ва Уроцлаве – да 30 лістапада 2023 года або да вычэрпвання сродкаў.

Аднак не ўсе населеныя пункты ўдзельнічаюць у гэтай праграме, таму варта звярнуцца ў бліжэйшы муніцыпальны орган для атрымання падрабязнай інфармацыі.

вс