Восем аўтазаводаў Tesla у Швецыі бастуюць ужо пяць тыдняў. Прафсаюз IF Metall заявіў, што гэта найбуйнейшая «бітва» за апошнія дзесяцігоддзі, і што ён змагаецца за захаванне шведскай прафсаюзнай мадэлі – піша Кацпэр Калібабскі ў інтэрнэт выданні next.gazeta.pl. Гэта першы раз, калі супрацоўнікі Tesla у Швецыі аб'явілі забастоўку.
Ілaн Маск лічыць страйк варʼяцтвам
Страйк пачаўся 27 кастрычніка ў чатырох партах Швецыі. Сёння забастоўка ахапіла ўжо ўсе.
Да бастуючых механікаў Tesla далучыліся і супрацоўнікі іншых арганізацый і кампаній. Прафсаюз транспартнікаў Швецыі і партовыя работнікі блакуюць усе аўтамабілі Tesla, як на разгрузцы, так і на пагрузцы. У сваю чаргу паштовыя работнікі адмаўляюцца дастаўляць нумарныя знакі электракарам Ілана Маска. Шведскі прафсаюз рабочых па абслугоўванню будынкаў адмовіўся прыбіраць у гандлёвых і сэрвісных цэнтрах Tesla па ўсёй краіне.
- Гэта варʼяцтва, – так Ілан Маск пракаментаваў забастоўкі ў Швецыі на партале X.
IF Metall ужо абвясціў, што будзе баставаць столькі, колькі спатрэбіцца. Саюз абʼядноўвае 300 тысяч работнікаў шведскай прамысловасці. Яны прынялі меры пасля таго, як Tesla адмовілася падпісаць калектыўную дамову са сваімі супрацоўнікамі.
Прафсаюзы ў Швецыі магутныя
У Швецыі, працадаўцы і прафсаюзы вызначаюць у калектыўнай дамове памер заробку, пенсіі, працоўны час і адпачынак. Такім чынам, на рынак працы ў гэтай краіне ўплываюць не толькі працадаўцы, але і працаўнікі. І хаця колькасць абʼяднаных у прафсаюзы гадамі змяншаецца, усё роўна 90 працэнтаў супрацоўнікаў у Швецыі падпадаюць пад дзеянне калектыўных дагавораў.
IF Metall заяўляе, што добра падрыхтаваны да забастоўкі, але шведскае аддзяленне Маска не вядзе з прафсаюзам перамоваў, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі прафсаюзаў гатовыя на гэта.
Дзеянні шведскіх прафсаюзнікаў выдатна паказваюць, што ціск мае сэнс. Таму што, хаця Tesla яшчэ не прымусілі падпісаць калектыўны дагавор, але зрабіла гэта шведская плацежная кампанія Klarna, якой таксама пагражалі забастоўкай.
яс