Эканоміка Еўрасаюза ў 2023 годзе расла, хоць і з невялікай дынамікай. Першапачатковы прагноз прадугледжваў рост эканомікі ЕС у 2023 годзе на 1%, выйшла - 0,8%. На будучы год чакаецца прырост ВУП ЕС на 1,4%, а не на 1,7%, як прагназавала Еўракамісія на пачатку года. Эканамічная актыўнасць у ЕС была аслабленая ў першай палове 2023 года. У першую чаргу назіраўся слабы ўнутраны попыт, у прыватнасці падала спажыванне. Гэта было выклікана высокімі спажывецкімі цэнамі на большасць тавараў і паслуг. Пазнейшыя зніжэнні коштаў на энерганосьбіты ды надзвычай моцны рынак працы, дзе назіраўся рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя, пашырэнне занятасці і рост заробкаў, паправілі сітуацыя.
Дадаткова паўплывала змяншэнне інфляцыі. Напрыклад, у Германіі інфляцыя ў лістападзе склала 3,2 працэнта. Гэта самы нізкі ўзровень за два з паловай гады, вынікае з падлікаў Федэральнага статыстычнага ведамства, кажа берлінскі карэспандэнт Польскага радыё Войцех Асіньскі.
- Нямецкія эканамісты нагадваюць, што год таму інфляцыя была яшчэ на двухзначным узроўні. «Інфляцыя зніжалася хутчэй, чым чакалася. У лістападзе мы сапраўды чакалі 3,5 працэнта», — прызнаюць аналітыкі Destatis. Цяпер эканамісты чакаюць далейшага зніжэння інфляцыі ніжэй за тры працэнты. Наступныя этапы зніжэння інфляцыі будуць абумоўлены грашова-крэдытнай палітыкай Еўрапейскага цэнтральнага банка.
У Польшчы цэны на спажывецкія тавары і паслугі ў лістападзе выраслі на 6,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта вынікае з апошніх падлікаў Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы. Галоўны эканаміст Bank Pocztowy Моніка Куртэк адзначыла, што лістапад стаў яшчэ адным месяцам, калі гадавая інфляцыя знізілася.
- У кастрычніку інфляцыя нас усіх пазітыўна здзівіла, скараціўшыся да 6,6% працэнтаў у гадавым вымярэнні. Гэта самы нізкі вынік з пачатку года. Што тычыцца наступных месяцаў, думаю інфляцыя пачне зноў павялічвацца. Гэта звязана з тым, што вырасце ПДВ на харчаванне ды не вядома, ці застануцца на тым самым узроўні цэны на электрычнасць ды ацяпленне.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне таксама паведаміла, што ў параўнанні з кастрычнікам гэтага года цэны ў лістападзе выраслі на 0,7 працэнта. Паводле эканамістаў, прычыны ўтрымання дадзенай сітуацыі трэба шукаць у тым, што цэны на прадукты харчавання, выраслі другі раз запар. Таксама на інфляцыю ў лістападзе паўплывалі цэны на паліва, якія выраслі пасля двух месяцаў папярэдняга падзення.
Палепшыліся таксама настроі сярод прадпрымальнікаў. Так Індэкс PMI для польскай прамысловасці вырас да 48,7 пункта ў лістападзе з 44,7 пункта ў кастрычніку, паведамляе S&P Global. Давід Сулкоўскі з Польскага эканамічнага інстытута зазначае, што гэты рост быў значна большы ад чаканняў.
- Паказчык павялічваецца трэці месяц запар, а яго дынаміка найлепшая за апошнія два гады. Велічыня ніжэй за 50 сведчыць пра запаволенне эканамічнай актыўнасці. Але апошні рост паказвае, што прадпрымальнікі пазітыўна глядзяць на бліжэйшыя 12 месяцаў. Гэта вынік росту колькасці новых замоў ды добрай сітуацыі на рынку працы, аднак попыт надалей застаецца на малым узроўні.
Добры прыклад – палітыка групы TAURON, якая за першыя тры кварталы гэтага года інвеставала амаль 3 мільярды злотых. Гэта больш, чым летась, сказаў віцэ-прэзідэнт кампаніі Кшыштаф Сурма.
- Сёлета інвестыцыі былі на 11 працэнтаў большыя, чым за аналагічны перыяд 2022 года, тады яны склалі амаль 2 мільярды 600 мільёнаў злотых. Больш за ўсё сродкаў, 1 мільярд 896 мільёнаў злотых, было накіравана на інвестыцыі ў сегменце «дыстрыбуцыя» — на новыя падключэнні і мадэрнізацыю і рэканструкцыю існуючых размеркавальных сетак.
Галоўны эканаміст Bank Pocztowy Моніка Куртэк сказала, што ў трэцім квартале эканоміка прынесла сапраўдны сюрпрыз.
- Галоўная нечаканасць – гэта вялікі рост спажывання хатніх гаспадарак. Рынак спадзяваўся, што тут будзе невялікае скарачэнне. Спажыванне падала ў першым і другім квартале, таму і чакалася скарачэнне і ў трэцім. У рэальнасці спажыванне вырасла на 8-% у гадавым вымярэнні. Да гэтага дадаўся рост інвестыцый на 7-8%. Гэта сведчыць пра добры стан эканомікі.
Міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марлена Малёнг заявіла, на эканамічны рост паўплывала тое, што польскі рынак працы знаходзіцца ў добрым стане.
- У нас цяпер назіраецца самае нізкае беспрацоўе ў гісторыі. Гэта ва ўмовах нядаўняй эпідэміі ды працяглай вайны ва Украіне. Мы бачым, што растуць заробкі, беспрацоўе скарачаецца. У краіне зарэгістравана 18 мільёнаў працуючых. Гэта восенню, калі звычайна беспрацоўе расло ў звязку з завяршэннем сезонных прац.
Паводле апошніх падлікаў сярэдняя заработная плата ў прадпрымальніцкім сектары ў кастрычніку склала 7544,98 злотых, гэта значыць на 12,8 працэнта вышэй, чым у аналагічны перыяд мінулага года - сведчаць звесткі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. У параўнанні з вераснем заработная плата вырасла на 2,2 працэнта. Узровень беспрацоўя ў Польшчы застаўся на ўзроўні 5 працэнтаў. Эканамісты кажуць, што гэта дазваляе з аптымізмам глядзець у будучыню. Але ў звязку з нестабільнай сітуацыяй у рэгіёне ды свеце, гучаць хутчэй асцярожныя прагнозы невялікага эканамічнага росту на 2023 год.
Юры Ліхтаровіч