Беларуская Служба

Новая міністр сацыяльнай палітыкі абяцае не пераглядаць сацыяльную дапамогу на дзяцей 800+

14.12.2023 12:35
«На пачатку наступнага года акрамя большай сумы на рахунках у бацькоў ніякіх зменаў не павінна быць. Дапамога будзе працягвацца на пастаяннай аснове».
Agnieszka Dziemianowicz-Bąk
Agnieszka Dziemianowicz-BąkPR24/AK

Сацыяльная дапамога на кожнае дзіця ў Польшчы будзе павялічана да 800 злотых з 1 студзеня 2024 года. «Сумневаў няма. Ільготы для польскіх сем'яў захаваюцца» – заявіла ў першы дзень свайго ўрадавання ў сераду, 13 снежня, у эфіры аднаго з польскіх тэлеканалаў новая міністр сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Агнешка Дземʼяновіч-Бонк, – піша партал money.pl.

«Ніякіх заяваў аб абмежаванні або ўвядзенні нейкіх парогаў праграмы 800+ не будзе. 800+ будзе ўведзена з 1 студзеня 2024 года. Няма сумневу ў тым, што нічога дадзенага раней не забяруць. Ільготы для польскіх семʼяў захаваюцца», – падкрэсліла палітык.

«На пачатку наступнага года акрамя большай сумы на рахунках у бацькоў ніякіх зменаў не павінна быць. Дапамога будзе працягвацца на пастаяннай аснове», – таксама запэўнілі ў Фондзе сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS), які ажыццяўляе сацыяльныя выплаты.

Усім бацькам у Польшчы, якія падалі заявы на бягучы перыяд дапамогі, гарантавана выплата 500+. ZUS аўтаматычна павялічыць дапамогу і са студзеня будзе выплачваць яе ў большым памеры. Грошы будуць выплачвацца на той жа рахунак, на які бацькі атрымлівалі ранейшыя выплаты.

Заяўкі на новы разліковы перыяд можна падаваць з 1 лютага. Падаць заяўку на 800+ бацькі змогуць толькі праз інтэрнэт з дапамогай адпаведных урадавых парталаў або інтэрнэт-банкінгу.

эж