13,2% палякаў намераны ўзяць крэдыт або пазыку, каб арганізаваць адзначэнне святаў, гаворыцца ў справаздачы UCE Research i Групы Offerista. Летась перад Калядамі пазычалі грошы крыху менш – 11,5% – чытаем на сайце выдання Forsal.pl.
Аўтар даследавання Роберт Біегай (Robert Biegaj) кажа, што раней нават адна пятая жыхароў краіны бралі грошы ў доўг на святы. Гэта можа значыць, што палякі зацягваюць паясы і не жадаюць улазіць у даўгі, якія пазней так ці інакш прыйдзецца вяртаць.Таму яны вырашаюць святкаваць больш сціпла.
У сваю чаргу 81,9% апытаных адзначылі, што не будуць браць грошы ў доўг у гэтым годзе перад Калядамі. 4,9% апытаных на момант апытання яшчэ не прынялі рашэння.
Пра жаданне ўзяць пазыку або крэдыт часцей за жанчын кажуць мужчыны – 17,1% супраць 9,7%. Прычым у асноўным гэта датычыцца людзей ва ўзросце 25-34 гадоў – 19,4%. Калі браць пад увагу заробкі, то браць крэдыт перад Калядамі часцей за ўсё намераны далёка не бедныя людзі, а тыя, у каго чысты даход у месяц вышэй за 9000 злотых ($2290).
нг