Беларуская Служба

Польскія аграрыі дамагаюцца ўвядзення эмбарга на цукар з Украіны

19.12.2023 11:29
«Калі імпарт будзе расці, мы не зможам справіцца з больш таннай канкурэнцыяй».
Польскі цукарDarSzach/Shutterstock

Польская «Асацыяцыя вытворцаў цукровых буракоў» патрабуе ўвесці эмбарга на ўкраінскі цукар. Прадстаўнікі арганізацыі падтрымалі акцыю пратэсту перавозчыкаў, якая аднавілася на памежным пераходзе з Украінай – у Дарагуску. Аграрыі адзначаюць імклівы рост імпарту ўкраінскага цукру і пагрозу для продажу іх прадукцыі.

«Продаж буракоў грунтуецца на доўгатэрміновых кантрактах», – кажа старшыня асацыяцыі Кшыштаф Ныкель. «Калі нам давядзецца дамаўляцца аб новых стаўках, а імпарт будзе расці, мы не зможам справіцца з больш таннай канкурэнцыяй», – дадае ён:

- У заробак за буракі ўваходзіць базавая плата плюс падзел заробку ад продажу цукру. Пастаўшчыкі ўсіх канцэрнаў атрымліваюць долю ад продажу цукру і гэта вельмі вялікі дадатак да мінімальнай цаны. Таму нашыя прадстаўнікі на мяжы тлумачаць, што падзенне продажу цукру прывядзе да таго, што падзелу выручкі ад продажу амаль зусім не будзе. Мы лічым, што падобна як Славакія і Венгрыя, польскі ўрад павінен увесці эмбарга на імпарт цукру з Украіны.

Кшыштаф Ныкель падкрэслівае, што ў мінулым сезоне фермеры інвеставалі ў пашырэнне вытворчасці. Захаванне імпарту цукру з Украіны можа прывесці да скарачэння ўнутранай вытворчасці, што таксама паўплывае на сітуацыю цукровых заводаў:

- У нас сёлета рэкордны год па плошчы палёў буракоў. У супастаўленні з мінулым годам у нас на 40 тысяч гектараў больш пасеваў. У Польшчы вярнуўся інтарэс да вырошчвання буракоў, таму што з'явіліся шанцы на рэнтабельнасць. У цяперашніх умовах плошча пасеваў можа зноў скараціцца да 200 тысяч гектараў, так як гэта было ў цяжкія гады. Мы чакаем дзеянняў ураду ўжо сёння.

З прадстаўнікамі «Асацыяцыі вытворцаў цукровых буракоў» сустрэўся ў панядзелак у Міністэрстве сельскай гаспадаркі новы міністр Чэслаў Секерскі.

яс