Беларуская Служба

Праект бюджэту – адзін з першых тэстаў па рэалізацыі выбарчых аб’яцанняў новага ўраду

22.12.2023 15:01
Пасля Новага году запланаванае другое і трэцяе чытанні праекту бюджэту і праца над ім у Сенаце.
Аўдыё
         2024
Міністр фінансаў Анджэй Даманьскі падчас прэзентацыі праекту бюджэту на 2024 год у СеймеPAP/Piotr Nowak

Дэбатамі пра праект бюджэту на наступны год завяршылася першае паседжанне Сеймы X склікання, які быў абраны на выбарах 15 кастрычніка 2023 года. Дакумент быў накіраваны ў адмысловыя камісіі, якія павінны заняцца ім перад другім і трэцім чытаннямі ў Сейме.

Паводле бюджэтнага праекту, які надоечы прыняў урад Дональда Туска, у будучым годзе даходы краіны павінны скласці 682 мільярды, а выдаткі 866 мільярдаў злотых. Гэта азначае, што бюджэтны дэфіцыт складзе 184 мільярды злотых, то бок на больш за 19 мільярдаў больш, чым прапанаваў праект папярэдняга ўраду Матэвуша Маравецкага.

Хоць папярэдняя ўрадавая кааліцыя правых сілаў заяўляе, што гэта «копія» праекту бюджэту былога ўраду «Права і справядлівасці», то адначасова шмат у чым крытыкуе дакумент.

Міністр фінансаў, які прэзентаваў бюджэтны праект у Сейме, падкрэсліў, што дакумент быў створаны ў выключных абставінах, то бок на працягу чатырох дзён. Адначасова Анджэй Даманьскі (Andrzej Domański) запэўніў, што праект прадугледжвае сродкі, неабходныя на працяг асноўных сацыяльных праграмаў, уведзеных папярэдняй урадавай камандай:

- Гаворка ідзе пра праграму «800 Плюс», 13 і 14 пенсіі, а таксама іншыя праграмы падтрымкі сям’іі.

У бюджэце на наступны год запланаваныя рэкордныя выдаткі на ахову здароўя ў краіне, то бок 192 мільярды злотых, падкрэсліў дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Марэк Сова (Marek Sowa):

- Гаворка ідзе пра на каля 30 мільёнаў больш, чым складаюць сёлетнія сродкі на ахову здароўя. Згаданыя сродкі гарантаваныя ў бюджэце.

Вальдэмар Буда(Waldemar Buda) ад «Права і справядлівасці» звяртаў увагу на рост дэфіцыту і нагадаў, што ягоны ўрад за рост дэфіцыту падвяргаўся рашучай крытыцы з боку тагачаснай апазіцыі, то бок цяперашняй урадавай каманды:

- Вы фундаментальна павялічваеце грамадскую запазычанасць і дэфіцыт.

У сваю чаргу крайне правая «Канфедэрацыя» выступіла з прапановай адхіліць праект у першым чытанні.

Міністр фінансаў паясняў, што высокі дэфіцыт з’яўляецца вынікам, між іншым, 30-працэнтных павышэнняў зарплаты для настаўнікаў і 20- працэнтных – для супрацоўнікаў дзяржаўнага сектара.

Праект бюджэтнага закону, гэта адзін з першых тэстаў па рэалізацыі выбарчых аб’яцанняў новых уладаў. Урад вырашыў выдзеліць 500 мільёнаў злотых на фінансаванне экстракарпаральнага апладнення, 180 мільёнаў злотых на дзейнасць Польскай акадэміі навук, 150 мільёнаў злотых на мадэрнізацыю студэнцкіх дамоў.

Яраслаў Сэлін(Jarosław Sellin) ад «Права і справядлівасці» непакоіўся сродкамі на культуру:

- У нашым бюджэце на 2024 год мы планавалі прызначыць на культуру на 23 працэнты больш сродкаў, чым сёлета. У вашым бюджэце – згаданых сродкаў значна менш. Чаму?

У бюджэце на наступны год запланаванае павелічэнне даходаў дзяржавы ў кліматычнай сферы. Гаворка ідзе пра прыкладна 23 мільярды злотых, то бок на 5 мільярдаў больш, чым сёлета. Згаданыя сродкі павінны паступаюць ад продажу квот на выкіды вуглякіслага газу.

Эксперт WWF Марцін Кавальчык(Marcin Kowalczyk) нагадвае, што аб’яцаныя грошы можна будзе выкарыстаць непасрэдна на кліматычную палітыку толькі пасля змены закону:

- Цяперашні ўрад аб’яцаў падчас выбарчай кампаніі, што сродкі ад продажу квот на выкіды вуглякіслага газу будуць паступаць у адмысловы фонд, прызначаны на энергетычную трансфармацыю, ці агулам, кліматычную палітыку. Аднак гэта патрабуе ўнясення зменаў у закон, паколькі зараз гэтыя сродкі – гэта проста даходы, якія размываюцца ў бюджэце.

Таксама асобная папраўка ў бюджэтны закон прадугледжвае дафінансаванне грамадскіх СМІ сродкамі ў амаль 3 мільярды злотых.

У сваю чаргу Марта Гольбік(Marta Golbik) ад «Грамадзянскай кааліцыі» звярнула ўвагу на прадугледжаныя ў бюджэце сродкі на дзіцячы тэлефон даверу:

- Дзіцячы тэлефон даверу, які многія гады служыў наймалодшым у выпадку псіхічнага крызісу, страціў сродкі з бюджэту пры ўладзе «Права і справядлівасці» і працаваў дзякуючы збору ахвяраванняў. Зараз ён вяртаецца ў бюджэт і за гэта, ад міля дзяцей і бацкоў, я дзякую.

Чакаецца, што фінансаванне тэлефону даверу будзе каштаваць каля 10 мільёнаў злотых у год.

Варта дадаць, што не ўсе прапановы праекту бюджэту ўраду Дональда Туска сустрэліся з крытыкай папярэдняй урадавай каманды. Былы намеснік міністра абароны ад «Права і справядлівасці» Марцін Ацепа(Marcin Ociepa) высока ацаніў планаваныя выдаткі на абарону. Палітык, нагадаў таксама, што пытанне бяспекі і абароны мае прынцыповае значэнне ў многіх сферах:

- Пазіцыя Польшчы на міжнародным рынку таксама залежыць ад ацэнкі інвестыцыйнай бяспекі. У гэтым аспекце абаронная палітыка мае вялікае значэнне. Наступная справа, гэта пытанне колькасці польскіх узброеных сілаў. Я звяртаюся з просьбай захаваць выдаткі на гэтую мэту, гэта таксама вельмі важнае.

Нагадваем планаваныя на будучы год выдаткі на абарону складаюць 118 мільярдаў злотых, то бок 3,1 ВУП. Гэта на амаль 21 мільярд злотых больш, чым сёлета.

Намесніца спікера Сенату Магдалена Беят (Magdalena Biejat) ад «Левых сілаў Разам», запэўніла, што вышэйшая палата парламента плануе паскорыць працу над бюджэтным законам:

- Мы зацікаўленыя ў тым, каб праца над усімі неадкладнымі законамі, якія павінны быць прынятыя да канца года, завяршылася як мага хутчэй. Таму, у парадку выключэння, сенатары цесна супрацоўнічаюць з дэпутатамі, каб у Сенаце не трэба ўжо было ўносіць ніякіх паправак.

Нагадваем, праект бюджэту на 2024 год прадугледжвае росту ВУП на 3 працэнты і інфляцыю на ўзроўні 6,6 працэнта. Зараз праца над дакументам будзе працягвацца ў камісіях. Пасля новага году запланаванае яго другое і трэцяе чытанні і праца ў Сенаце.

Бюджэтны законапраект павінен быць перададзены ў Канцылярыю прэзідэнта да канца студзеня будучага года.

аз

Фінансаванне польскай навукі ў 2024 годзе павялічыцца на 22%

21.12.2023 18:01
Заробкі навуковых супрацоўнікаў польскіх універсітэтаў будуць павялічаны на 30 адсоткаў.