Беларуская Служба

Польскія фермеры аднавілі блакіроўку пункта пропуску «Медыка-Шэгіні» на мяжы з Украінай

04.01.2024 13:02
Цяпер па гэтым маршруце ўезду ва Украіну чакаюць ужо каля 800 грузавікоў.
Аўдыё
  • Пакуль Варшава і Кіеў не дасягнулі паразумення па пытанні разблакіроўкі мяжы, адзінае застаецца пэўным, за гэтым з вялікім задавальненнем сочаць у Крамлі.
Oszukana wieś planuje protestować przez miesiąc, chyba że uda się podpisać porozumienie z resortem
"Oszukana wieś" planuje protestować przez miesiąc, chyba że uda się podpisać porozumienie z resortemPAP/Darek Delmanowicz

«Паводле наяўнай інфармацыі польскіх памежнікаў, каля 09:00 у чацвер, 4 студзеня, на тэрыторыі Польшчы на дарозе перад пунктам пропуску «Медыка», што прымыкае да ўкраінскага пункта пропуску «Шэгіні», зноў быў перакрыты рух грузаў. У сувязі з гэтым магчымы ўскладненні руху як на выезд з Польшчы, так і на ўезд», – паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Цяпер па гэтым маршруце ўезду ва Украіну чакаюць ужо каля 800 грузавікоў. Фермеры з арганізацыя «Ашуканая вёска», якая ладзіць пратэст, абяцаюць не перашкаджаць руху аўтобусаў і аўтамабіляў. Пратэст фермераў на мяжы з Украінай у польскім Прыкарпацці, аднавіўся нягледзячы на абяцанні ўраду Польшчы выканаць патрабаванні аграрыяў.

Раней польскія фермеры спынілі акцыю напярэдадні Калядаў, чакаючы ліста з дзяржаўнымі гарантыямі па выкананні іх асноўных патрабаванняў. «Пакуль мы не атрымлівалі такога дакументу і адпаведна працягнем акцыю», – казаў напярэдадні кіраўнік арганізацыі «Ашуканая вёска Прыкарпацця» Раман Кандроў:

-Заўтра мы на 100% пачынаем акцыю пратэсту а 9-й гадзіне раніцы. Міністр можа шмат што нам паабяцаць, але ўсе рашэнні – за прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам. Менавіта ад яго ўсё залежыць. Кожны нам нешта абяцае. Папярэдні ўрад таксама абяцаў шмат. Абяцаюць усё, а незразумела, што ж мы па выніку атрымаем. Таму трэба нас зразумець.

Пратэстоўцы дабіваюцца пагаднення з Міністэрствам сельскай гаспадаркі Польшчы, сярод іншага, патрабуючы выдзялення субсідый на вырошчванне кукурузы, двухпрацэнтных крэдытаў для выратавання сваіх гаспадарак і адмены павышэння сельскагаспадарчага падатку.

Сярод патрабаванняў – правядзення аўдыту затрат на вытворчасць угнаенняў польскай дзяржаўнай кампаніяй Grupa Azoty і ўвядзення ільготных цэнаў на продаж гэтых угнаенняў. Акцыя была прыпынена напярэдадні Калядаў, і яе працяг залежыць ад далейшых вынікаў перамоваў з урадам. «Ашуканая вёска» плануе пратэставаць на працягу месяца, альбо да таго моманту пакуль не будзе падпісана пагадненне з Міністэрствам сельскай гаспадаркі.

Арганізатары акцыі падкрэсліваюць, што гэтым разам пратэст будзе праходзіць у больш жорсткай форме: штогадзіны будзе прапускацца толькі адна фура. Грузавікі з ваеннай і гуманітарнай дапамогай, выбуховымі рэчывамі і прадуктамі, якія хутка псуюцца будуць прапускацца пратэстоўцамі.

Нагадаем, пратэст фермераў на мяжы пачаўся напрыканцы лістапада, аднак польскія перавозчыкі распалі блакіроўку мяжы аж на пачатку лістапада. І гэтая акцыя пратэсту пацягваецца дагэтуль. Такім чынам польскія фермеры блакуюць памежны пераход «Медыка-Шэгіні», а перавозчыкі працягваюць свой пратэст на КПП «Кракавец-Карчова», «Ягодзін-Дарагуск» і «Рава-Руская-Грабенэ». Адпаведна, дарожнае злучэнне грузавога транспарту паміж Польшчай і Украінай дзейнічае ў вельмі абмежаным фармаце.

Напрыклад, паліцыя Хэлма паведаміла раніцай у чацвер, 4 студзеня, што перад памежным пераходам з Украінай у Дарахуску ўтварылася 13-кіламетровая чарга, выкліканая пратэстам польскіх перавозчыкаў. Час чакання перасячэння мяжы – прыкладна 10 дзён.

Як адзначыла прадстаўніца паліцыі гэтага памежнага польскага гораду старшы сяржант Анжэліка Гломб-Куніш, пратэстоўцы прапускаюць невялікую колькасць фураў:

-У чарзе прыкладна 500 грузавікоў. Чарга даходзіць да вёскі Бжэзьна. Гэта значыць, што чарга расцягнулася на 13 кіламетраў. Час чакання на мяжы – прыкладна 250 гадзін. За гадзіну мітынгоўцы прапусцілі дзве машыны».

Перавозчыкі не перашкаджаюць праезду ваеннага і гуманітарнага транспарту.

У сваю чаргу, блакуючы мяжу, польскія перавозчыкі патрабуюць ад ЕЗ вяртання дазволаў для ўкраінскіх кампаніяй, якія перавозяць грузы па тэрыторыі Супольнасці. З украінскага боку, у сваю чаргу, чакаюць адмены так званай электроннай чаргі на мяжы з Польшчай, з-за якой пустыя фуры знаходзяцца на ўсходняй мяжы ад некалькіх да некалькіх дзён, не маючы магчымасці вярнуцца ў Польшчу.

Нагадаем, 22 снежня падчас сустрэчы ў Кіеве, прадстаўнікі Міністэрства інфраструктуры Польшчы і Міністэрства развіцця грамад, тэрыторый і інфраструктуры Украіны ўзгаднілі план дзеянняў па разблакаванні мяжы. «Ключавы вынік сустрэчы – узгадненне агульных пазіцый па разблакіраванні мяжы. Бакі дасягнулі паразумення па кампрамісных рашэннях і іх рэалізацыі», – паведамлялася тады ў афіцыйных крыніцах. Змены ў дзейнае пагадненне аб лібералізацыі грузавых перавозак паміж Украінай і ЕЗ, якіх патрабуюць польскія перавозчыкі, не абмяркоўваліся.

Блакіроўка заходняй мяжы Украіны працягваецца, а гэта нясе чарговыя пагрозы для функцыянавання дзяржавы ва ўмовах вайны, – кажа былы міністр інфраструктуры Украіны, а цяпер салдат УСУ Уладзімір Амелян:

-Пытанне разблакіроўкі нашай заходняй мяжы ключавое. Мне здаецца, што да вырашэння гэтага крызісу ў недастатковай ступені залучаны Брусель і Вашынгтон. Першы крок павінны зрабіць кіраўнікі Польшчы і Украіны, правесці прынамсі тэлефонныя перамовы. Захаванне «транспартнага бязвізу» – гэта надзвычай важнае пытанне для Украіны.

Пакуль Варшава і Кіеў не дасягнулі паразумення па пытанні разблакіроўкі мяжы, адзінае застаецца пэўным, за гэтым з вялікім задавальненнем сочаць у Крамлі.

pap/iar/espreso/эж