Калі новая крэдытная праграма ўступіць у сілу, як было абвешчана, кошты кватэраў вырастуць. Не выключана, што згаданы рост будзе двухзначным, паведамляе Rzeczpospolita.
Газета нагадвае, што новы ўрад плануе ажыццявіць праграму «Кватэра на старт», якая прадугледжвае яшчэ больш танныя крэдыты (пад ад 0 да 1,5 адсотка) ў залежнасці ад памеру сям'і.
Бясплатны крэдыт змаглі б атрымаць семʼі, як мінімум, з пяці чалавек. Сума крэдыту не будзе абмежаваная, але дзяржаўныя субсідыі будуць прымяняцца толькі да яго часткі.
Эксперт Metrohouse Марцін Яньчук перасцерагае, што кожная праграма жыллёвай падтрымкі спрыяла павышэнню коштаў, апошняя – рэкордна. У сваю чаргу галоўны аналітык REDNET Property Group Эва Палюс лічыць, што новай урадавай праграмай скарыстаецца менш кліентаў, чым папярэдняй. На яе думку, гэта вынікае, як з умоваў праграмы, так і ступені выкарыстання «Бяспечнага крэдыту пад 2 працэнты ». «Такім чынам, рост коштаў у 2024 годзе будзе меншым, чым у 2023 годзе», – прагназуе экспертка і дадае, што ўмовы праграмы могуць змяніцца. «Маштаб росту коштаў, выкліканых «Бяспечным крэдытам пад 2 працэнты» значна перавысіў прагнозы», – нагадвае яна.
У сваю чаргу паводле Марэка Вельга з партала RynekPierwotny.pl, нельга выключаць, што дысбаланс паміж попытам і прапановай кватэр будзе ўтрымлівацца некаторы час. Гэта можа прывесці нават да двухзначнага росту сярэдніх цэнаў кватэраў.
Выданне канстатуе, што больш верагодным выглядае аптымістычны сцэнар, паводле якога забудоўшчыкі будуць нарошчваць маштабы інвестыцый, спадзеючыся высокіх тэмпаў продажу кватэраў.
аз